Напрыканцы студзеня ўбіралі кукурузу з поля ў сельскагаспадарчым кааператыве “Алая зара”. З-за несвоечасовай уборкі кааператыву нанесеная шкода ў памеры 11,7 мільёна рублёў.

Паводле праверкі, якую правялі супрацоўнікі Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю, кукуруза не была ўбраная на плошчы 14,59 гектара каля вёскі Ерхі Касцяневіцкага сельсавета. Згодна ж з дадзенымі статыстычнай справаздачнасці, гаспадарка ў сезон завяршыла ўборку кукурузы на ўсёй плошчы.

Проста службовыя асобы кааператыва прыпісалі 778,7 тоны быццам бы ўбранай зялёнай масы кукурузы.
Пасля ўмяшання ў справу кантралёраў, кукурузу 28 студзеня ўсё ж убралі з поля. Для ўборкі задзейнічалі 120 чалавек. Яны абрывалі пачаткі і складалі іх у прычэп трактара. Усяго нарыхтавалі 2 350 кілаграмаў пачаткаў, якімі цяпер карміць жывёлу нельга.

Згодна з экспертызай, што правялі спецыялісты Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі, цяпер зярняты гэтай кукурузы для жывёлы – атрута. Яны проста сапсаваліся. Падлічылі, што каб пачаткі былі ўбраныя своечасова, гаспадарка атрымала б 229 тон зялёнай масы, скарміўшы якую каровам, можна было б дадаткова атрымаць 33 тоны малака.

Камітэт дзяржкантролю перадаў матэрыялы праверкі сельгаскааператыва “Алая зара” ў праваахоўныя органы.

Паводле прэс-рэліза Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.

Фота забяспечана Маладзечанскім МКДК.

Гэта тэма можа быць абмеркаваная і на форуме:

http://forum.molodechno.by/viewtopic.php?p=76543#76543