Юныя маладзечанскія футбалісты 1998 года нараджэння заслужылі права выступіць у фінале першынства Мінскай вобласці па міні-футболе. У паўфінальных гульнях, якія прайшлі 8-9 лютага ў Барысаве, нашы занялі другое месца.
У Барысаве дзве фінальныя пуцёўкі аспрэчвалі пяць камандаў – Барысаўскага, Маладзечанскага, Мінскага, Крупскага і Чэрвеньскага раёнаў. Трэнер маладзечанцаў Сяргей Карыцька расказаў “РГ”: першую гульню нашы выйгралі ў моцнай каманды Мінскага раёна з лікам 4:2.

Потым была буйная перамога над камандай з Крупак – 7:1. За няяўку на гульню з маладзечанцамі тэхнічнае паражэнне 0:5 суддзі залічылі камандзе Чэрвеньскага раёна. Апошняя гульня з гаспадарамі для нас нічога не вырашала. Права выступіць у фінале маладзечанцы атрымалі за тур да заканчэння паўфінальных гульняў. Барысаву мы саступілі 1:2 і з другога месца выйшлі ў фінал.

Па словах Сяргея Карыцькі, фінальныя гульні могуць прайсці 24-25 лютага. Акрамя Маладзечна і Барысава, у фінал з другой паўфінальнай групы выйшлі каманды Салігорскага і Слуцкага раёнаў. Пятай фінальнай камандай стануць Крупкі, якія, набраўшы ў паўфінале, як і Стоўбцы, шэсць ачкоў, маюць лепшую за іх розніцу забітых і прапушчаных галоў.

Напярэдадні паўфіналаў у федэрацыі футбола Мінскай вобласці абмяркоўвалася, што калі маладзечанцы выйдуць у фінал, ён будзе праводзіцца ў нашым горадзе. Калі такое рашэнне будзе прынятае канчаткова, мы маем нядрэнныя шансы выйграць першынство Мінскай вобласці, сказаў Сяргей Карыцька.

Сяргей ЗЯНЬКО.