Мерапрыемства праходзіць штогод пры падтрымцы аддзела адукацыі райвыканкама і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Сярод вучняў школ горада і раёна аб’яўляецца спаборніцтва ў некалькіх намінацыях на тэму пажарнага нагляду.

Самыя лепшыя работы даюць права прадставіць Маладзечна на абласным туры конкурсу. Па словах Марыны Ермаковай, інспектара групы прапаганды і навучання і адміністратара вечара, сёлета хлопчыкі і дзяўчынкі асабліва пастараліся.

У самай папулярнай намінацыі сярод канкурсантаў “Лепшы выраб” журы аддало перавагу адразу дваім удзельнікам. Выхаванцы гуртка “Натхненне” Валерыя Сафронава і Руслан Вяршыцкі за выраб са скуры падзялілі першае месца з вучаніцамі СШ № 4. Дзяўчынкі зрабілі настольную свяцільню, абажур якога ўпрыгожылі малюнкамі, выкананымі ў стылі батык – фрагменты з казак Чукоўскага.

Дыплом першай ступені за лепшую мяккую цацку атрымала выхаванка гуртка “Беларускі сувенір” Яна Кашко, лепшай мадэллю пажарнай тэхнікі прызнаная работа вучня СШ №9 Паўла Кур’яна.

Павіншавалі пераможцаў метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандр Касцюк, старшыня арганізацыі “Маладзечанская пажарна-выратавальная справа” Вячаслаў Капуцкі і метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” Святлана Шакун.

На мерапрыемстве хлопчыкі і дзяўчынкі выказалі свае погляды на адну з самых важных прафесій. І хто ведае, можа, нехта з іх ўжо вырашыў прысвяціць сябе гэтай нялёгкай справе.

Таццяна БАЖКО, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота Таццяны БАЖКО.