18 лютага ў Радашкавічах у сваёй кватэры, што ў двухпавярховым доме, задыхнуўся ў дыме 35-гадовы мужчына.
Пра тое, што ў калідоры дома адчуваецца пах дыму, у 18.45 паведаміла выратавальнікам суседка загінуўшага, расказала “РГ” інспектар групы прапаганды і навучання гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова.

У мястэчку размешчаная пажарная часць, таму выратавальнікі былі на месцы праз некалькі хвілін. Калі яны скончылі сваю работу, на падлозе ля дзвярэй знайшлі цела гаспадара. Агнём была пашкоджаная канапа, дымам закураныя сцены і столь.

Суседка расказала, што іх дом ацяпляецца печкамі. Таму, адчуўшы пах гарэлай газеты, яна адразу не звярнула на гэта ўвагі. Падумала: сусед паліць печку. Але пах узмацняўся, і жанчына папрасіла свайго сына паглядзець, ці не здарылася што. Сын адчыніў дзверы суседа, якія аказаліся незамкнёнымі, і нічога не змог разгледзець у кватэры з-за дыму. Адразу выклікалі пажарных.

Па словах суседкі, каля 17 гадзін яна бачыла, як мужчына некуды праводзіў сваю сужытніцу і вярнуўся дамоў. Відаць, ён закурыў і лёг спаць. Па тым, што цела знайшлі на падлозе, галавой у бок дзвярэй, можна меркаваць: гаспадар кватэры спрабаваў выратавацца, але не здолеў.

Па словах Марыны Ермаковай, ад пачатку года ў Маладзечне і раёне на пажарах загінулі дзевяць чалавек. За ўвесь мінулы год – адзінаццаць…

Сяргей ЗЯНЬКО.