У Ашмянах на вуліцы Савецкай хутка з’явяцца два двухпавярховыя прасторныя дамы, дзе будуць жыць прыёмныя бацькі з дзецьмі-сіротамі, якіх возьмуць на выхаванне са школы-інтэрната або з сацыяльнага прытулку.
Зараз на прадпрыемствах горада працуюць педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі – тлумачаць, якія бываюць формы ўладкавання дзяцей у сем’і. Прозвішчы патэнцыйных навасёлаў і бацькоў-выхавальнікаў дамоў сямейнага тыпу пакуль не абнародуюць – конкурс на гэтыя пасады працягваецца.

Арганізатары хочуць, каб прыняць удзел у ім мелі магчымасць усе ахвотныя. Вядома, што стаць прыёмнымі бацькамі-выхавальнікамі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ўжо выказалі жаданне дзве сям’і. У абедзвюх ужо выхоўваецца па адным прыёмным дзіцяці і свае – у адной сям’і іх двое, у другой – трое. Але гэтая сям’я ўжо выгадавала дваіх дзяцей.

Бацькі-выхавальнікі дамоў сямейнага тыпу будуць залічаныя ў штат аддзела адукацыі райвыканкама і будуць атрымліваць там зарплату. Адначасова яны атрымаюць магчымасць у адпаведнасці са сваім густам выбраць для дамоў сямейнага тыпу мэблю, бытавую тэхніку і прадметы хатняга побыту, пакупка якіх будзе аплачаная з бюджэту.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.