У канферэнц-зале цэнтральнай раённай бібліятэкі 15 лютага прайшла літаратурная сустрэча з французскай пісьменніцай Ан-Мары Поль і французскім пісьменнікам Крысціянам Гарсэнам.
Ан-Мары Поль ужо другі раз наведвае наш горад, але Крысціян Гарсэн у Маладзечне ўпершыню. Французская пісьменніца была вельмі рада зноў убачыць сваіх маладзечанскіх сяброў, настаўнікаў французскай мовы з гімназіі №3, якія падрыхтавалі для гасцей невялікія падарункі. У першую чаргу, гэта была знакамітая французская песня “Champs-Elysées”, якая прагучала ў выкананні вучаніцы 10 класа Юліі Крук і настаўніцы французскай мовы Кацярыны Івашанкі.

Акрамя гэтага пісьменнікам падарылі невялічкую беларускую ляльку і фотаздымкі з мінулай сустрэчы з вучнямі гімназіі №3. А Крысціян Гарсэн толькі пазнаёміўся з сябрамі Ан-Мары Поль і, як ён адзначыў, спадзяецца на далейшую сувязь і сяброўства з імі, бо іх звязвае агульная прафесія. Пісьменнік ў горадзе Марсэль таксама працуе настаўнікам французскай мовы.

Спецыяліст па дзіцячай і юнацкай літаратуры Ан-Мары Поль прывезла з сабой сваю кнігу “Кроў зорак”, якая была перакладзеная Дзмітрыем Коласам на рускую мову. Таксама гэты твор мае пераклад і на іспанскую мову. Аб такой цудоўнай краіне, як Іспанія, пісьменніца мае свае ўспаміны. Менавіта там яна пачынала кар’еру манекеншчыцы, пасля таго, як у Францыі займалася тэатрам. Пазнаёміліся маладзечанцы і з раманам Крысціяна Гарсэна “Палёт паштовага голуба” – першым яго творам, перакладзеным на рускую мову і выдадзеным у Беларусі выдавецтвам “Макбел”. Напрыканцы сустрэчы пісьменнікі падпісвалі свае кнігі на памяць усім прысутным.

На працягу літаратурнага мерапрыемства Ан-Мары Поль і Крысціян Гарсэн адказвалі на пытанні на розныя тэмы. Сярод прысутных былі людзі, якія вельмі добра размаўляюць і разумеюць французскую мову. Але ж прысутнічалі і тыя, каму гэта проста было цікава, для душы, нягледзячы на тое, што гэту мову яны зусім не ведаюць.

– Ан-Мары Поль і Крысціян Гарсэн, пісаць творы – гэта для вас прафесія ці больш хобі?

– А.-М.Поль: Для мяне пісаць творы – гэта прафесія, для якой патрэбны талент, цікавасць, розум. А каб пісаць для дзяцей і моладзі, кожнаму пісьменніку трэба ў душы быць маладым, разумець іх сучасныя позіркі на жыццё. Я займаюся гэтай справай не дзеля грошай.

– К.Гарсэн: У жыцці я выкладаю французскую мову, а пісаць розныя творы – гэта для мяне нейкае асаблівае хобі, якое заўсёды прыносіць асалоду і якім я займаюся з захапленнем.

– Якія рускія пісьменнікі найбольш вам падабаюцца?

– А.-М.Поль: У Францыі вядомыя такія рускія пісьменнікі, як Дастаеўскі, Пушкін. Мне асабліва падабаецца Чэхаў, на творы якога неаднаразова былі пастаўленыя тэатральныя пастаноўкі. А тэатр адыгрывае ў маім жыцці вельмі вялікую ролю яшчэ з юнацтва. Зараз я чытаю раманы Барыса Акуніна. 

– А якія пісьменнікі з французскай класікі вас прывабліваюць?

К.Гарсэн:  Адзін з маіх любімых французскіх пісьменнікаў – гэта Сан-Сір, які мне падабаецца з-за прыгожай і правільнай французскай мовы. Ёсць яшчэ некалькі пісьменнікаў, якія прывабліваюць мяне хараством напісання сваіх твораў. 

– А.-М.Поль: Мой любімы пісьменнік – Жан Расін. Гэта французскі драматург XVII-XVIII стагоддзя, паэт, прадстаўнік класіцызму. Ён напісаў некалькі п’ес, якія былі пастаўленыя ў тэатры.

– Ці спадабалася вам беларуская кухня?

– А.-М.Поль: Беларуская кухня – гэта вельмі смачна. У Беларусі я кожны дзень знаёмілася з рознымі стравамі вашай нацыянальнасці. Але гатаваць ежу – не мой любімы занятак, і гэтым я дома не займаюся. 

– К.Гарсэн: У адрозненне ад маёй сяброўкі Ан-Мары Поль, дома я гатую розныя стравы, якія мне падабаюцца.  А ваша кухня, кухня беларусаў – гэта смачна і карысна.

– Ці спадабалася вам Беларусь?

– К.Гарсэн: У Беларусі я ўпершыню, але ваша краіна захапіла мяне поўнасцю. Наведалі мы замак Мір-Нясвіж. Уразілі незвычайная зіма, вялікая колькасць снегу і вельмі прыгожыя беларускія пейзажы.

Юлія КРУК, моладзевая рэдакцыя “РГ”.