Што такое каханне? Для чаго людзі жэняцца? Ці патрэбная сям’я мужчынам? Ці можа шлюб быць пробным? Гэтыя і іншыя пытанні навучэнцы прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Маладзечна і раёна 11 лютага абмяркоўвалі на сустрэчы-вечарыне “И будут два одной плотью”.

Малая зала музычнага вучылішча ў час мерапрыемства была поўная.

Мерапрыемства падрыхтавала сацыяльна-псіхалагічная служба музычнага вучылішча. Яно адбылося ў межах праекта “Інтэрнат – дом, у якім жывуць будучыя бацькі”, ініцыяванага аддзелам па справах моладзі райвыканкама.

Сустрэча пачалася з прагляду фрагментаў відэафільмаў: шчаслівыя хлопчык і дзяўчынка робяць дождж з дзьмухаўцовага пуху, а вось іншае дзіця разважае, чаму яно жыве ў дзіцячым доме і чаму мама не прыходзіць да яго; маладыя мужчына і жанчына, якія хацелі б быць мамай і татам, але не маюць дзяцей, бо ў свой час зрабілі няправільны выбар…

Затым слова ўзяла псіхолаг Марына Валасковіч. Яна прадставіла сям’ю Дражыных: бацькі Ігар і Яўгенія і іх пяцёра дзяцей – Ірына (12 гадоў), Васіль (11 гадоў), Антон (8 гадоў), Соф’я (7 гадоў) і Ніна (6 гадоў). Ігар Дражын – святар з вёскі Любань Вілейскага раёна. Яго жонка вучыцца на другім курсе музычнага вучылішча. У 2004 годзе яе ўзнагародзілі ордэнам Маці.

“На чым трымаюцца адносіны мужа і жонкі?” – спытала псіхолаг у залы. Навучэнцы называлі найперш цярпенне, узаемаразуменне, давер. Каханне прагучала толькі на чацвертай-пятай пазіцыі. Ігар і Яўгенія Дражыны пагадзіліся з меркаваннем моладзі.

Навучэнцы прадставілі вынікі ананімнага апытання, праведзенага ў пачатку лютага сярод старшакурсніц і старшакурснікаў музвучылішча. Паводле іх ствараць сям’ю збіраюцца 79% і больш хлопцаў і дзяўчат. Хочуць мець дзяцей 91% хлопцаў і 97% дзяўчат. Разыходжанні заўважныя толькі ў колькасці дзяцей: большасць рэспандэнтак (76%) плануе дваіх, траіх – каля 10% апытаных; у хлопцаў паказчыкі адпаведна 44% і 32,5%.

Вакол грамадзянскіх і пробных шлюбаў разгарэлася дыскусія. Моладзь называла плюсы, якія ёсць у “спробах”. Прадстаўнікі старэйшага пакалення заклікалі адрозніваць грамадзянскія шлюбы, заключаныя ў ЗАГСах, ад пробнага сужытніцтва. “Калі шлюб пробны – значыць нехта некім карыстаецца: або дзяўчына мужчынам, або наадварот”, – адзначыў айцец Ігар Дражын. Маладыя людзі (асабліва актыўнымі былі дзяўчаты) казалі, што штамп у пашпарце нічога не змяняе. На што святар адказаў, што штамп абараняе жанчыну з дзіцем у выпадку разводу і гарантуе прынамсі аліменты. Дарэчы, самі Дражыны спачатку вянчаліся, а пасля распісаліся ў ЗАГСе, хоць сучасная царква звычайна не вянчае без пасведчання аб шлюбе.

Нягледзячы на тое, што сустрэчу арганізавалі дарослыя, моладзі відавочна было цікава: хлопцы і дзяўчаты ўважліва слухалі, спрачаліся і хваляваліся, калі задавалі святару свае пытанні. А цікавіла іх пераважна адно і тое ж – як не памыліцца ў выбары мужа ці жонкі. Толькі пытанні былі сфармуляваныя па-рознаму: як ставіцца царква да ранніх шлюбаў, як выбраць сабе мужа/жонку, як доўга трэба прыглядацца адно да аднаго, каб вырашыць, жаніцца ці не. На што Ігар Дражын адказаў: “Спытайце сэрца сваё і паслухайце, што яно вам адкажа”.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.