120 гадоў таму, 19 лютага 1890 года, у невялікай вёсачцы Барані на тэрыторыі цяперашняга Астравецкага раёна у сям’і лесніка Мацвея Стаповіча нарадзіўся сын Канстанцін.

Лёс адмераў яму нядоўгае жыццё, але і за 36 гадоў ён паспеў зрабіць столькі, колькі іншыя не паспяваюць за больш працяглы час.

Скончыўшы ў 1905 годзе Свянцянскую павятовую школу, Канстанцін Стаповіч жыў у Вільні. Потым вучыўся ў Пецярбургу ў духоўнай семінарыі.

У 1912 годзе захварэў на сухоты, але гэта не спыніла яго імкненне служыць свайму народу. У тым жа годзе ён напісаў свой першы верш. А друкавацца пачаў у наступным годзе ў газеце “Беларус”. З-за працяглай хваробы і лячэння на курорце ў Закапанэ сан ксяндза ён атрымаў толькі ў 1915 годзе і адначасова прызначэнне вікарыем ў Камайскі касцёл. Але хутка яго пераводзяць у Клюшчаны – паблізу родных Бараняў.

Служыў людзям на беларускай мове

У Клюшчанах ён стварыў хор, у якім спявала моладзь з усяго наваколля. У ксяндза быў добры слых і голас, ён добра іграў на скрыпцы. З гэтым хорам і са створаным ім драматычным тэатрам ксёндз выступаў у вёсках рэгіёну. Першую пропаведзь на беларускай мове святар прачытаў у Клюшчанскім касцёле 21 лістапада 1915 года. З гэтага часу мова продкаў была асноўнай, на якой ён служыў людзям.

Галоўнай задачай створанага ім моладзевага “Саюза сваякоў” была самаадукацыя на аснове хрысціянскай маралі. Моладзь рыхтавала рэфераты, арганізоўвала прадстаўленні, часцей па п’есах Казіміра Сваяка. У ваколіцах Клюшчанаў ксёндз стварыў сем беларускіх школ. Бараньская знайшла сабе месца ў бацькоўскай хаце Стаповіча і займала яе палову. Стаповіч на свае грошы адкрыў курсы, якія рыхтавалі настаўнікаў для школ.

У канцы 1916 года за беларусізацыю касцёла святара пераводзяць на Беласточчыну. Там ён таксама спрабаваў весці службы па-беларуску, але адразу атрымаў забарону ад мясцовага пробашча. Падчас лячэння ў Закапанэ ў 1917-1919 гадах працаваў капеланам шпіталя. У ліпені 1919 года па дарозе ў Клюшчаны заехаў да сябра – ксяндза Я. Германовіча пад Ваўкавыск. Там Стаповіч выступаў з пропаведзямі па-беларуску, пачаў арганізацыю беларускіх школ. У выніку з’явіўся пратэст мясцовых ксяндзоў супраць ўжывання беларускай мовы.

Узімку 1919-1920 гадоў – зноў у Закапанэ. З 1920 года яго творы пачынаюць друкавацца ў віленскіх беларускіх перыядычных выданнях. У канцы 1920 года Стаповіча накіроўваюць у Засвір – там давялося служыць ў паўразбураным кармяліцкім саборы. З-за даносу нядобразычліўцаў Стаповічу было забаронена служыць на беларускай мове.

Год Казіміра Сваяка на Астравеччыне

Тоўстыя і вільготныя сцены касцёла не спрыялі яго здароўю, і сухоты зноў абвастрыліся. Таму з восені 1923 года ён зноў у Закапанэ. У 1924 годзе ў Вільні выходзіць зборнік паэзіі Казіміра Сваяка “Мая ліра”: вершы-медытацыі, звароты да Бога, імпрэсіі, вершы ў прозе, балады, прыпеўкі, вершы на евангельскія сюжэты

Зімой 1926 года Казімір Сваяк, каб не паміраць на чужыне, просіць брата Альбіна і ксяндза Адама Станкевіча забраць яго з Закапанэ. Ён спадзяецца, што на радзіме паправіцца, але з цягніка ў Вільні яго выносяць ужо на руках. Памёр ён у Вільні, у шпіталі.

Стаповіч прасіў сяброў, каб яго пахавалі ў Клюшчанах, але пахавалі яго ў Вільні на могілках Роса.

Сёлетні год аб’яўлены на Астравеччыне годам Казіміра Сваяка – пад такім імем вядомы ў гісторыі Айчыны гэты паэт, драматург, публіцыст, філосаф, каталіцкі святар і прапаведнік. У раёне аб’яўлены збор сродкаў для выдання літаратурнай спадчыны вядомага земляка. Ужо прайшло некалькі суботнікаў, і заробленыя грошы пералічаныя на рахунак выдаўцоў. Каля мільёна рублёў ахвяравала раённае аддзяленне Фонду міру. Журналісты «Астравецкай праўды» пералічылі ганарар за адзін нумар газеты. Ёсць ахвяраванні прыватных асобаў і калектываў. Але ўсіх здзівіў мецэнат, які пажадаў застацца невядомым: пералічыў на дабрачынны рахунак 120 тысяч рублёў.

Выданне зборніка твораў знакамітага земляка – не проста даніна павагі да яго асобы і творчасці. Яго творы не страцілі сваёй актуальнасці і сёння, хаця паэт жыў на мяжы 19 і 20 стагоддзяў і востра перажываў падзеі таго часу. Асабліва сучасна гучыць яго публіцыстычны трактат “Алкаголь”, у якім ён пераканаўча расказвае аб заганнасці гэтай звычкі, прыводзіць доказы таго, што п’янства – найвялікшае зло, якое губіць не толькі цела, але і душу. Філасофска-рэлігійная паэзія, п’есы на сюжэты з мясцовага жыцця і фальклору, кніга ўспамінаў, малітоўнікі – усё гэта жыва гучыць і сёння.

У яго літаратурнай спадчыне ёсць малітоўнік “Голас душы” для беларусаў-каталікоў. У прадмове да яго ксёндз прасіў: «Пазволь, о Божа, узрасці зярняткам гэтым на ніве Тваёй!» Малітоўнік да гэтага часу служыць каталікам, якія жадаюць звяртацца да Бога на роднай мове. А выйшаў у свет у 1926 годзе, калі яго ўкладальнік паэт Казімір Сваяк, змучаны хваробай, адышоў у нябыт.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.