Сёлета яшчэ стаіць сапраўдная зіма, шмат снегу, але ўжо ў садзе і агародзе можна пачынаць работы.

У садзе

Цяпер, пакуль не набрынялі пупышкі, можна рабіць абрэзку дрэў і залечваць раны. Гэта ўмацуе дрэвы. Але лепш абрэзку рабіць пасля поўні – пры тэмпературы не ніжэй за 5 градусаў марозу, а гэта ўжо будзе пачатак сакавіка. Прышчэплівайце дрэвы.

Сонца днём так награвае іх, што кара ажывае, пачынае вегетацыю, а ноччу не вытрымлівае рэзкага пахаладання і адмірае. У выніку ўтвараюцца невялікія шчыліны – сонечна-цеплавыя абпальванні. Вада, якая замярзае ў шчылінах, разбурае кару і нават драўніну. Каб гэтага не здарылася, у цёплыя дні трэба ўзнавіць асеннюю пабелку дрэў (на 10 л вады 2-3 кг гашанай вапны і 1-2 шклянкі малака), а лепш за ўсё бяліць дрэвы спецыяльнай пабелкай, якая прадаецца ў гаспадарчых магазінах.

У агародзе

Непакояць агароднікаў агуркі і памідоры, якія растуць у цяпліцах або на падаконніках. Калі ў студзені не прышчыпвалі агуркі над 5-6 лістом, зрабіце гэта ў лютым. У далейшым агуркі прышчыпваюць над кожным другім або трэцім лістом, падвязваюць да апоры.

Ад 14 да 27 лютага Месяц расце. Неспрыяльныя для сяўбы і пасадкі любой культуры дні – 26-28 лютага.

Пасейце агуркі на расаду, салату, кроп, пятрушку, сельдэрэй на зеляніну на падаконніку або ў цяпліцы 24, 25 лютага. Памідоры на расаду для веснавой цяпліцы на біяпаліве (калі такая ёсць у агародніка, яна абаграваецца гноем) і для вырошчвання на балконе – таксама 24, 25 лютага. Перад пасевам насенне памідораў змясціце ў 1-працэнтны раствор марганцоўкі на 20 хвілін.

Праверце, як захоўваецца бульба і іншая агародніна. Перабярыце, выкіньце загніўшую. Закупіце насенне, якога не хапае, праверце яго на ўсходжасць, падрыхтуйце да сяўбы.

Альбін МАКАРЭВІЧ, аграном