Свой першы спарынгавы матч правяла каманда “Маладзечна” ў гэтым сезоне. У Мінску ў чацвер, 18 лютага, нашы саступілі дублю сталічнага “Партызана” з лікам 3:7.
Па словах трэнера маладзечанцаў Віталя Казяка, гульня праходзіла на адкрытым паветры на слізкім полі. Пакуль нашы прыстасаваліся да поля, да 12 хвіліны клуб вышэйшай лігі “Партызан” (былы МТЗ-РІПА) вёў 2:0. У першым тайме гуляў асноўны склад “Маладзечна”.

Хлопцы прывыклі да паляны, асвоіліся і да канца першай паловы матча здолелі не толькі адыграцца, але і выйсці наперад. Галы на рахунку Рамана Вінцукоўскага, Дзмітрыя Вышынскага (з пенальці) і Дзмітрыя Касцюка.

У другім тайме састаў нашы трэнеры памянялі. На поле за нас выйшлі шэсць маладых футбалістаў 1992 года нараджэння, якіх “Партызан” прапанаваў “Маладзечну” для прагляду. Такі масавы прагляд плёну не прынёс. Па словах Віталя Казяка, у такім выпадку і свае не гуляюць, і патэнцыйныя легіянеры не дапамагаюць. Гульня пайшла ў адны вароты і, як вынік, – пяць безадказных галоў у нашу рамку.

Наўрад ці варта рабіць нейкія высновы з гэтага паражэння. Хіба што адну, кажа трэнер. Ад масавых праглядаў трэба адмаўляцца. Трэба шукаць прэтэндэнтаў на канкрэтныя праблемныя пазіцыі. У нас зараз тры такія пазіцыі – варатара, цэнтральнага паўабаронцы і нападаючага.

Прычым праблему нападзення Віталь Казяк называе найбольш вострай. З трох галкіпераў пакуль застаўся толькі адзін Канстанцін Сашчанка. Мінскі легіянер Вячаслаў Камінскі пакуль не заяўляў, што застанецца ў Маладзечне, а Антон Шчэрба атрымаў траўму.

У цэнтры паўабароны гуляюць Сяргей Дараховіч, Раман Вінцукоўскі і Дзмітры Касцюк. Але, калі раптам з імі нешта здарыцца, іх няма кім замяніць. Разам з тым, калі на пазіцыях варатара і цэнтральнага паўабаронцы людзі ёсць, то на пазіцыі форварда нікога няма ўвогуле. Захварэў Аляксандр Грыхуцік. Ён не гуляў ні ў Мінску, ні на зоне чэмпіянату Мінскай вобласці па міні-футболе. Няма цяпер у камандзе ні Сяргея Космача, ні Сяргея Корсака. Першы сёлета не вернецца адназначна, па другім пытанне пакуль адкрытае. На гульню з “Партызанам” выходзілі нападаючыя, выхаванцы спартшколы Ігар Талькоўскі і Глеб Бурачкоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.