Начальнік Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Зінюк у інтэрв’ю “РГ” паведаміў: здарэнне адбылося ў 18 гадзін 40 хвілін. Паводле слоў відавочцаў здарэння, мужчына ішоў з боку аўтобуснага прыпынку ў бок чыгункі, у руках нёс сумку, хістаўся. Можна меркаваць, што быў нецвярозы.

З боку станцыі Маладзечна ў бок Мінска рухалася электрычка. Ля пераходнага мосціка праз чыгунку працавала святлавая і гукавая сігналізацыя, папярэджваючы пра набліжэнне цягніка.

Гэта не спыніла мужчыну, ён выйшаў на сярэдзіну пераходнага мосціка, павярнуўся ў бок электрычкі і пайшоў ёй насустрач, размахваў рукамі і нешта крычаў.

Машыніст цягніка ўключыў экстранае тармажэнне, пачаў сігналіць, але трагедыі пазбегнуць не ўдалося. Электравоз наехаў на мужчыну і некалькі дзесяткаў метраў працягнуў яго пад сабой. Ад атрыманых траўмаў пацярпелы памёр на месцы здарэння.

На наступныя суткі ўстанавілі асобу памерлага. Яму было 52 гады, жыў у Маладзечне, нідзе не працаваў, расказаў Аляксандр Зінюк.

Сяргей ЗЯНЬКО.