Раённыя камісіі нашага рэгіёну пачалі рэгістраваць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за рэгістрацыю асобаў кандыдатамі ў дэпутаты.

Як толькі група атрымовае адпаведныя дакументы, яна можа збіраць подпісы. Іх колькасць залежыць ад узроўню Савету: прэтэндэнту ў абласны Савет трэба сабраць 150 подпісаў, у раённы ці гарадскі (для гарадоў абласнога падпарадкавання) – 75.

Высокай актыўнасцю вылучыліся вілейскія прэтэндэнты на званне кандыдата. Па стане на 22 лютага раённая выбарчая камісія зарэгістравала 35 ініцыятыўных груп. Пакуль што па трох выбарчых акругах – Камароўскай, Таўстоўскай і Вераснёўскай – збіраюцца балатавацца па два чалавекі. Дэпутацкі корпус Вілейскага раённага Савета складаецца з 40 дэпутатаў.

Валожынская камісія зарэгістравала 33 групы на 33 акругі. На раніцу 23 лютага ніводная партыя ці працоўны калектыў не вылучыў свайго кандыдата.

У Маладзечне – 12 груп. Таксама ўжо вядомыя прозвішчы некаторых патэнцыйных супернікаў: кандыдатамі ў дэпутаты ад Граніцкай выбарчай акругі плануюць стаць настаўніца Чысцінскай СШ Алена Лапшына і старшыня Граніцкага сельсавета Віктар Капацэвіч, ад Паліклінічнай выбарчай акругі – загадчыца чыгуначнай паліклінікі Наталля Капцюг. Усяго ў Маладзечанскі райсавет выберуць 40 дэпутатаў.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты яшчэ не завяршылася: да 15 сакавіка працоўныя калектывы і палітычныя партыі могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў.

Святлана ЦІШКО.