Пра гэта 24 лютага ў інтэрв’ю “РГ” расказаў галоўны інжынер парку культуры і адпачынку Людвіг Таразевіч.

Карусель “Каліпса”.

“Лятаючая талерка” адпрацаваў сезон у 2008 годзе. А затым змяніліся патрабаванні дзяржстандарту да атракцыёнаў. І “талерка” ім ужо не адпавядала. Увесь 2009 года гэты атракцыён знаходзіўся на рэканструкцыі.

Яго вытворца – беларуская фірма “Аэрэдыум”. Паводле дамовы, яна узяла на сябе штомесячнае і штоквартальнае тэхнічнае абслугоўванне, кансервацыю на зімовы перыяд, раскансервацыю і выпрабаванні напярэдадні пачатку сезона. Ацаніўшы маштаб неабходных работ, фірма забрала атракцыён да сябе, бо ў Маладзечне, на месцы, правесці рэканструкцыю немагчыма.

“У сітуацыі, што склалася, ні мы, ні фірма-вытворца не вінаватыя – гэта форсмажор, – патлумачыў Людвіг Таразевіч. – Атракцыён быў спраўны – ніхто ж не мог ведаць, што правілы зменяцца”.

Неабходныя работы на 80% праведзеныя. На тыя 20%, што засталіся, трэба грошы.

У сезоне 2010 года ў парку, магчыма, з’явіцца новы атракцыён – карусель “Каліпса” на 24 месцы. На яе ўжо зробленая праектная дакументацыя. Кіраўніцтва парку мяркуе, што да ліпеня-жніўня гэтага года карусель не толькі аплацяць, але і зманціруюць. “Каліпса” разлічаная на дарослых і дзяцей ад пяці гадоў. Для рэалізацыі гэтага праекта парк шукае інвестара.

Святлана ЦІШКО.