Пад вечар

Праца ў полі скончаная, дажыначны сноп звязаны. Жанчыны, на чале з выбранай імі ж Багіняй, кіруюцца да сядзібы гаспадара.

Песні не змаўкаюць усю дарогу. Праходзячы праз вёску, маладыя жнеі прытанцоўваюць, старыя спяваюць адпаведныя моманту песні. Гаспадар з гаспадыняй, пачуўшы спевы жней, выходзяць з хаты і сустракаюць іх хлебам-соллю.

Багіня выступае наперад, кланяецца гаспадару і кладзе ля яго ног дажыначны сноп, а ў рукі перадае вянок. Гаспадыня акрапляе сноп святой вадою і адорвае Багіню грашыма.

Аднекуль з’яўляюцца музыкі, падцягваюцца мужчыны, хлопцы, і гаспадары пад гукі вясковага аркестра вядуць Багіню і жней у хату. Дажыначны сноп ставяць на покуці пад абразамі, побач з зажыначным, дзе ён стаіць часам цэлы год. Вянок вешаюць на абразы. Затым садзяць Багіню на ганаровым месцы, ля яе рассаджваюцца гаспадары і іншыя жнеі. На стале з’яўляюцца гарачыя стравы, розныя напоі, ахвотніцы пачынаюць спяваць. У дзяўчат ногі самі просяцца ў скокі, бо на дварэ ўжо сабралася шмат хлопцаў-жаніхоў.

Вечар

Пасля вячэры маладзіцы выходзілі на двор, дзе іх чакалі хлопцы і пачыналі скакаць мясцовыя народныя танцы. Побач стаяла кадушка з вадой і венікам, каб збіваць пыл пасля зухаватых танцораў. Музыкантамі і танцамі распараджалася Багіня, ніхто не адважваўся ёй адказаць ні ў просьбе, ні ў жаданні. Старыя заставаліся ў хаце альбо выходзілі на лаўку пад хату, каб успомніць сваю маладосць. За ўсім уважліва сачылі дзеці. Вучыліся і абрадам, і танцам.

Адышліся і прыціхлі закаханыя. Расчулены стары расказваў зяцю пра балканскі паход, унук у захапленні слухаў гераічнага дзеда. Гаспадыня тым часам не забывалася пра гасцей. Час ад часу выносіла ім выпіць і закусіць. Нешта перапала і кату, і сабаку, і музыкам.

Танцы прадаўжаліся да позняй ночы, пакуль Багіня не напамінала жнеям, што пара ўжо і дадому. Тады ўся грамада пачынала развітвацца з гаспадарамі. На развітанне гаспадар з гаспадыняй дзякавалі за аказаную ім паслугу, просячы не адмовіць у наступным годзе. Жнеі дзякавалі за пачастунак, а Багіня, звяртаючыся да гаспадара, казала: “Дай, Божа, табе, нябожа, абсяваць, насяваць, а нам жаць, дажынаць!”

Гаспадар накідваў на галаву Багіні пакрывала з дажыначнага снапа і адорваў яе пшанічным хлебам. Усе разыходзіліся, але на вёсцы яшчэ доўга гучала музыка.

Дзядзька КАПЦЮГ, Вілейка.