І зноў загучаць над мястэчкам словы, якія сталі ўжо крылатымі: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!..»

Без дарожнікаў не абыйсціся.

Касцёл святых Пятра і Паўла збірае ў выхадныя і святы вернікаў з усёй акругі.

Смачная вада з калодзежа.

Сцежка.

Магіла Францішка Багушэвіча на Жупранскіх могілках.

Касцельная званіца.

Неба.

Касцельныя веснічкі.

Зіма. Жупранцы топяць печы.

Ля вясковай крамы.

А пакуль культработнікі рыхтуюцца да мерапрыемства, мясцовае насельніцтва жыве сваім звычайным жыццём. Дзеці штораніцы спяшаюцца ў дзіцячы садок і школу, дарослыя – на працу, а пенсіянеры бавяць свой час у клопатах па доме. Па словах загадчыцы мясцовай бібліятэкі Гражыны Рапацэвіч, у Жупранах на сённяшні дзень жыве 745 чалавек. 127 з іх – дзеці да 15 год. Так што мястэчка маладое. Яно расце, развіваецца, будуецца і захоўвае памяць пра сваіх знакамітых продкаў і землякоў.

Што ў назве тваёй?

“Згодна з легендай, некалі на месцы Жупранаў былі непраходныя лясы, – расказвае Гражына Рапацэвіч, – а ў іх вадзілася вельмі шмат звяроў: ваўкі, мядзведзі, зубры, якіх мясцовае насельніцтва называла зубраны. З цягам часам пад уплывам фанетычных зменаў яны ператварыліся ў жупраны, даўшы назву цэламу паселішчу”.

Упершыню яно згадваецца ў 15 стагоддзі. Кажуць, што амаль 300 гадоў было ў руках Радзівілаў, а пасля перайшло да Чапскіх. У канцы 18 стагоддзя ў Жупранах было толькі 35 дамоў і тры вуліцы: Дворская, Сольская і Астравецкая.

У 1863-1864 гадах мясцовыя сяляне прымалі ўдзел у паўстанні, якое адбылося на мясцовай базарнай плошчы. А арганізатарам яго стаў быццам бы сам Францішак Багушэвіч.

Францішак Багушэвіч і Жупраны

Нарадзіўся Францішак Багушэвіч 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны на Віленшчыне. У хуткім часе сям’я пераехала ў маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, які дастаўся ім у спадчыну. Тут і прайшло дзяцінства будучага пісьменніка і паэта, які пасля стаў навучэнцам Віленскай гімназіі. Скончыў ён яе ў ліку чатырох найлепшых выпускнікоў і ў 1861 годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт. Але вучыцца яму не давялося: разам з іншымі быў адлічаны за адмову атрымаць сваю заліковую кніжку. Гэта было пратэстам супраць новых універсітэцкіх правілаў, што абмяжоўвалі студэнцкія правы.

Вярнуўшыся у Беларусь, Францішак настаўнічаў на Лідчыне, а калі пачалося паўстанне 1863 года, узяў у рукі зброю…

Першыя вершы напісаў па-польску. Але пісьменнік глыбока адчуваў крэўную повязь з беларускай зямлёй, яе мовай і яе народам, якому ён вырашыў прысвяціць свой талент. У 1891 годзе пабачыла свет яго кніга «Дудка беларуская», надрукаваная пад псеўданімам Мацей Бурачок. Паэту тады ішоў ужо шосты дзесятак.

Сапраўднае літаратурнае прызнанне і слава прыйшлі да яго толькі пасля смерці. Францішак Багушэвіч памёр 28 красавіка 1900 года. Пахаваны ў Жупранах.

Сённяшні дзень мястэчка

На ўшанаванне памяці паэта, празаіка і публіцыста ў 1958 годзе на плошчы ў скверы пастаўлены помнік-бюст. А ў 1975 годзе на магіле з’явілася стэла з барэльефнай выявай паэта. Імя Францішка Багушэвіча носіць мясцовая школа. Так да нядаўняга часу называўся і калгас. Праўда, цяпер, пасля аб’яднання гаспадарак, яго ведаюць як СВК “Кракоўка”.

Жупраны – аграгарадок. Тут ёсць паштовае аддзяленне сувязі, бібліятэка, Дом культуры, школа, сельсавет, дзіцячы садок, гандлёвы цэнтр, амбулаторыя, свінагадоўчая і малочнатаварная фермы, мехдвор, дзе і працуе мясцовае насельніцтва. У той жа час многія ездзяць на работу ў Ашмяны. Загадчыца бібліятэкі Гражына Рапацэвіч кажа, што нічога дзіўнага тут няма. Такі лёс у многіх жыхароў населеных пунктаў, што знаходзяцца ў межах горада.

Жывуць у іх пераважна маладыя сем’і. Чатыры з іх – мнагадзетныя. Тры дачушкі падрастаюць у Ганны і Андрэя Шымановічаў, трое дзяцей гадуюць Людміла і Анатоль Вішнеўскія. Так што мясцовая бібліятэка без чытачоў не застанецца.

Дарэчы, наведваюць яе 600 чалавек. Бібліятэчны фонд налічвае 20 000 кніг. Толькі за мінулы год купілі 245 новых. Нямала прыходзіць ва ўстанову і перыядычных выданняў, якія прыцягваюць мясцовых жыхароў.

Людзі тут не толькі чытаюць. Алена Бравіньская, напрыклад, арганізавала ў Доме культуры выставу, на якой паказала аднавяскоўцам вышыванкі, зробленыя сваімі рукамі. “Алена – сапраўдная майстрыха, – расказвае Гражына, – бачылі б вы, якія прыгожыя ў яе атрымліваюцца работы. Глядзіш і нават часам не разумееш, што гэта не карціна, не фотаздымак, а вышыванка”.

Вышывае і настаўніца Надзея Іванова. А Уладзімір Шымановіч – настаўнік працоўнага навучання мясцовай школы – прыгожа малюе. Многія свае карціны ён падарыў школе. Дзеці з задавальненнем іх разглядваюць, многія, захапіўшыся творчасцю, самі бяруць у рукі пэндзлі.

Сярод вядомых людзей мястэчка і Міхаіл Крайноў. Будучы дырэктарам школы, ён арганізаваў музей імя Францішка Багушэвіча. А таксама Часлаў Сухадольскі. “На жаль, гэтага чалавека ўжо няма сярод жывых, – расказвае загадчыца Жупранскай бібліятэкі, – але пра яго ў вёсцы, ды і ў раёне, помняць. Прыгожа маляваў, рэзаў па дрэве, меў званне народнага мастака. А імя яго занесенае ў кнігу “Памяць. Ашмянскі раён”.

Карцін тых убачыць не давялося. Але, думаю, хоць на адной з іх абавязкова ёсць сапраўднае ўпрыгожэнне мястэчка – касцёл святых Пятра і Паўла. Мяркуецца, што будаваць яго пачалі ў 1854 годзе, па фундацыі графа Чапскага, а ў работах па ўзвядзенні прымаў удзел і Францішак Багушэвіч.

Марына СЛІЖ.

Фота Аляксандра Манцэвіча.