Чарговую партыю брагі 17 і 22 лютага знайшлі супрацоўнікі міліцыі ў Вілейцы і Вілейскім раёне. На гэты раз агульная колькасць знішчанай брагі склала 2 400 літраў.
Як паведамілі “РГ” у аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў упраўлення міліцыі Мінаблвыканкама, 17 лютага ў 14.40 у лесе каля вёскі Кульшыно Любанскага сельсавета міліцыянеры знайшлі і знішчылі самагонны апарат і 700 літраў брагі. Па факце знаходкі праводзіцца праверка.

У гэты ж дзень у 15.00 у райцэнтры ў двары свайго дома затрымалі 33-гадовага мужчыну, які гнаў гарэлку. Канфіскаваныя і знішчаныя 10 літраў гарэлкі, 200 літраў брагі і самагонны апарат.

А ў панядзелак, 22 лютага, у лесе каля вёскі Куцькі Асіпавіцкага сельсавета супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў знайшлі самагонны апарат, 1 500 літраў брагі і 12 літраў толькі што выгнанай гарэлкі. Па словах намесніка начальніка вілейскай міліцыі Андрэя Дударчыка, гаспадары апарата паспелі збегчы. Усё знойдзенае знішчана.

Сяргей ЗЯНЬКО.