Пракуратура раёна 25 лютага завяршыла расследаванне і перадала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні 29-гадовага жыхара горада Яўгена І. у тым, што, здзейсніўшы дарожна-транспартнае здарэнне, ён абвінаваціў у гэтым іншага чалавека, 18-гадовую дзяўчыну.
Ноччу 17 снежня 2009 года ў Валожыне на плошчы Свабоды аўтамабіль “Мазда-626” стукнуўся ў дрэва. У момант здарэння ў машыне, акрамя Яўгена, знаходзілася дзяўчына 1991 года нараджэння.

Каля паловы другой гадзіны ночы на месца выехала следча-аператыўная група райаддзела міліцыі. У скла­дзе групы працавала дазнавальнік Юлія Селятыцкая. Яна ўбачыла, што малады чалавек выпіўшы. Ад яго быў чутны моцны запах алкаголю, хаця паводзіў ён сябе, як цвярозы. Дзяўчыну, якая атрымала страсенне мазгоў, адвезлі ў бальніцу.

Яўген атрымаў нязначныя траўмы і не меў патрэбы ў медыцынскай дапамозе. Прайшоў толькі медыцынскі агляд на наяўнасць алкаголю ў крыві. Пасля гэтага Юлія Селятыцкая дапытала яго ў райаддзеле міліцыі.

Малады чалавек сцвярджаў, што за рулём машыны, якая належыць яго маці, знаходзіўся не ён. Кіравала “Маздай” знаёмая дзяўчына Ірына. Па словах Яўгена, ён не дазваляў Ірыне садзіцца за руль. А гэта значыць, дзяўчына выкрала аўтамабіль.

Дазнавальнік бачыла: хутчэй за ўсё, малады чалавек хлусіць. Таму папярэдзіла яго аб адказнасці за заведама лжывыя паказанні і аб тым, што за заведама лжывы данос прадугле­джаная крымінальная адказнасць. Тым не менш, Яўген настойваў на сваім: за рулём быў не ён. Мала таго, нават напісаў заяву на Ірыну, якая, па яго словах, кіравала аўтамабілем.

На допыце Ірына расказала следчаму пракуратуры, што з Яўгенам яе пазнаёміла сяброўка. Было гэта ў той жа дзень, 17 снежня, калі яны з кампаніяй адпачывалі ў Яўгена ў гасцях. Разам выпівалі. Пасля гаспадар сам прапанаваў падвезці Ірыну дамоў, і дзяўчына пагадзілася.

Яна сцвярджае: ехала ў машыне на заднім пасажырскім сядзенні. Правоў кіравання ў яе няма, ніколі ў жыцці самастойна не ездзіла. Ірына расказала таксама, што, калі ляжала ў бальніцы, Яўген прыходзіў да яе. Прасіў, каб яна ўзяла віну на сябе. Таму што ён ужо другі раз пападаецца п’яным за рулём, і яму цяпер пагражае крымінальная адказнасць. Маўляў, скажы, што кіравала ты, а ўсе штрафы я аплачу.

Дзяўчына адмовілася, а падчас следства назвала паводзіны маладога чалавека нахабнай хлуснёй і прасіла пакараць яго за гэта.

Яўген дагэтуль не прызнае сваю віну ў заведама лжывым даносе. І працягвае сцвярджаць, што невінаваты ў здарэнні. Гэта нягледзячы на тое, што 2 лютага суд Валожынскага раёна прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні дарожна-транспартнага здарэння ў стане алкагольнага ап’янення паўторна на працягу года пасля вынясення адміністрацыйнага пакарання за такое ж правапарушэнне.

Пакаранне – штраф у памеры 300 базавых велічынь (10 мільёнаў 500 тысяч рублёў). Прыгавор уступіў у законную сілу. Калі суд прызнае Яўгена вінаватым і ў заведама лжывым даносе, яму пагражае чарговы штраф ці арышт на тэрмін да трох месяцаў альбо абмежаванне свабоды тэрмінам да двух гадоў.

Віталь ЮРЭВІЧ, намеснік пракурора Валожынскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.