“Маладзечна” правяло сёлета другі спарынгавы матч. У Мінску мы саступілі “Гарадзеі” з лікам 0:1. За гэты клуб цяпер выступаюць выхаванцы маладзечанскага футбола, 32-гадовыя браты Уладзімір і Міхаіл Макоўскія.

У інтэрв’ю “РГ” Уладзімір расказаў: кіраўніцтва гарадзейскага клуба ў лістападзе прапанавала братам у міжсезонні трэніравацца з імі. На тых умовах, што ў выпадку прапаноў з клубаў вышэйшай лігі “Гарадзея” адразу адпусціць футбалістаў. Падпісалі дагавор, і да новага сезона Макоўскія пакуль рыхтуюцца ў гэтай камандзе.

Па словах Уладзіміра, фінансавыя ўмовы, якія прапанавалі братам, нядрэнныя нават па мерках першай лігі. У “Гарадзею” нападаючы прыйшоў, згуляўшы сезон у мікашэвіцкім “Граніце”. Яго брат, апорны паўабаронца, Міхаіл Макоўскі вярнуўся на радзіму з украінскага “Закарпацця”. Там ён адыграў палову мінулага сезона, пакуль не атрымаў траўму калена.

“Гарадзея” цяпер трэніруецца ў Мінску. Уладзімір расказаў, што ў сталіцы яны з Міхаілам маюць уласную кватэру, таму ўсё вельмі зручна. У свой горад гарадзейская каманда будзе выязджаць толькі на дамашнія матчы. Па словах форварда, кіраўніцтва клуба ставіць перад сваімі футбалістамі адназначную задачу – выхад у першую лігу. Ніхто сакрэту з гэтага не робіць. Уладзімір кажа, што з тым падборам гульцоў, які цяпер ёсць у “Гарадзеі”, пастаўленую задачу можна выконваць. Канкрэтных прапаноў з іншых клубаў браты пакуль не атрымлівалі.

А “Маладзечна” працягвае пакутаваць ад няхваткі нападаючых. Дагэтуль не ясная сітуацыя з Сяргеем Корсакам. У Маладзечна ён пакуль не вяртаўся. На поле пасля хваробы выйшаў вопытны форвард Аляксандр Грыхуцік. Але, па словах трэнера Віталя Казяка, Грыхуцік пакуль не ў лепшых фізічных кандыцыях. Гулялі таксама маладыя нападаючыя, выхаванцы спартшколы Ігар Талькоўскі і Глеб Бурачкоў.

Усю гульню адчувалася, што ў нападзенні ў нас сур’ёзныя праблемы. Віталь Казяк у інтэрв’ю нашаму выданню адзначыў: гульня была нядрэнная. Гулялі ў свой футбол, кантралявалі мяч. Ззаду і ў сярэдзіне поля – усё ў парадку. Але як толькі мяч трапляе наперад – намаганні абаронцаў і паўабаронцаў марнуюцца. Марнуецца і ўся падрыхтоўчая да сезона работа.

Адзіны ў гульні гол быў забіты на 57 хвіліне гульні. Пасля падачы вуглавога нашы абаронцы не ўгледзелі за Уладзімірам Сарачынскім, які адправіў мяч у нашы вароты. І ўсё ж па гульні нічыйны лік быў бы больш заканамерным вынікам. “Гарадзея” не выглядала мацнейшай за “Маладзечна”.

Што тычыцца Макоўскіх, то трэнеры Аляксандр Гармаза і Віталь Казяк адзначылі: браты цяпер дагульваюць сваю кар’еру там, дзе плацяць грошы. Хлопцы даўно адарваныя ад роднага горада. Канешне, са сваім вопытам і аўтарытэтам яны прынеслі б карысць “Маладзечну”, але на малой радзіме ім не могуць прапанаваць тых матэрыяльных выгодаў, якія прапанавалі ў Гарадзеі.

“У мяне няма станка, які друкуе грошы, таму размова пра магчымасць выступлення Макоўскіх за “Маладзечна” – беспрадметная”, – сказаў Аляксандр Гармаза. Зрэшты, па меркаванні Віталя Казяка, нічога асаблівага ў гульні супраць сваіх землякоў Уладзімір з Міхаілам не паказалі.

Каманда працягвае рыхтавацца да сезона. Плануецца, што ў бліжэйшую суботу паедзем на спарынг у Слонім да “Камунальніка” – калі поле ў гэтым горадзе будзе падрыхтаванае для гульні.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.