Калісьці балалайка была адным з самых распаўсюджаных музычных інструментаў. Цяпер пра яе пачалі забывацца. Напрыклад, у сектары практыкі Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага на балалайцы займаюцца толькі два вучні, а ў самім вучылішчы – тры!
Хтосьці пачуе назву інструмента – і смяецца. Быццам іграць на балалайцы – не мастацтва. Аднак гэта зусім не так!

Балалайка – прыгожы, мяккі і выразны інструмент. Канешне ж, калі яна ў руках сапраўднага майстра! І ў гэтым упэўніўся кожны, хто пабыў на канцэрце ансамбля “Віцебскія віртуозы”, які прайшоў 20 лютага ў малой зале Белдзяржфілармоніі.

Дарэчы, гэты цудоўны калектыў, які нядаўна адсвяткаваў сваё 35-годдзе, выступаў некалькі гадоў таму і ў Маладзечне. А ўвогуле, па словах кіраўніка заслужанай артысткі Беларусі Тамары Шафранавай, “Віцебскія віртуозы” пабывалі ў многіх краінах Еўропы: Расіі, Украіне, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Германіі. Нават у Амерыцы! І паўсюдна балалайка атрымлівала прызнанне і захапленне!

Мне давялося пагутарыць з артыстамі ансамбля. І вось што яны расказалі:

– У нашай рэспубліцы ваш калектыў вядомы. А які поспех маеце за мяжой?

– Для за­ход­не­еў­ра­пей­скай пуб­лі­кі выклікае ве­лі­зар­ную цікавасць і гучанне інструмента, і яго разнастайныя віды. У нашым ансамблі – усе прадстаўнікі групы балалаек, ад пікала да кантрабаса.

Такіх калектываў амаль нідзе няма. Нам нават пісалі з Амерыкі, што наш ансамбль па гучанні нагадвае цэлы аркестр рускіх народных інструментаў. А на конкурсе імя Астара П’яцолы у 2008 годзе (горад Баул, Алтайскі край), дзе “Віцебскія віртуозы” сталі лаўрэатамі, жонка вялікага аргенцінца Лаўра П’яцола здзівілася: “Я ведаю, што музыку Астара можна выконваць на розных інструментах, але каб на балалайцы!..”.

– Рэпертуар вашага аркестра вельмі багаты: гэта апрацоўкі рускіх і беларускіх мелодый, унікальныя п’есы, танга. Якую яшчэ музыку выконваеце?

– Іграем таксама класічныя творы, напрыклад, музыку эпохі барока. Аднак наш любімы кампазітар – Астар П’яцола, бо яго музыка – драматычная, экспрэсіўная, захапляючая. Ёсць у нас праграмы і сцэнарыі і спецыяльна для дзяцей. Часта з імі выступаем у дзіцячых садках. Малыя слухаюць з вялікім задавальненнем (асабліва захапляе іх балалайка-пікала). А пасля выступлення многія просяць навучыць іх іграць на балалайцы.

– Год ад году ў нас усё менш дзяцей, якія займаюцца ў музычных школах на домрах і балалайках. Складваецца сітуацыя для паступовага “вымірання” старажытных народных інструментаў…

– Нягледзячы на гэта, мы спадзяёмся, што справа Васіля Андрэева, які стварыў першы аркестр рускіх народных інструментаў у 1888 годзе, не будзе забытая. І публіка на канцэртах будзе гэтак жа шчыра прымаць народныя калектывы, як нас сёння ў Мінску. Пакуль на іх выступленні збіраюцца поўныя залы, у народных інструментаў ёсць будучыня…

Вольга ЗАБЛОЦКАЯ, Маладзечна.