Удзельнічалі ў турніры 10 камандаў з усёй Мінскай вобласці, расказаў у інтэрв’ю трэнер маладзечанцаў Павел Герасімюк. Разыгрывалася каманднае першынство, асабовае, парны разрад і парны змешаны разрад.

Маладзечанскія мужчыны сталі лепшымі ў камандных спаборніцтвах. Другімі тут сталі спартсмены Барысаўскага раёна, трэцяе месца ў дзяржынскіх тэнісістаў. У спаборніцтве жанчын першае месца заняла каманда Барысаўскага раёна, другое – Дзяржынскага раёна, маладзечанкі, прайграўшы парную гульню, замкнулі тройку прызёраў.

Валожынскія жанчыны ў камандным заліку занялі пятае месца, мужчыны сталі сёмымі. Віляйчане скончылі турнір на шостым месцы, віляйчанкі – на дзесятым. Мядзельскія спартсмены на турнір не прыехалі.

Удала выступілі маладзечанцы ў асабовым заліку. Першым тут стаў майстар спорту Андрэй Фёдараў, а кандыдат у майстры спорту Сяргей Комса заняў трэцяе месца. У жаночых спаборніцтвах у асабовым заліку першай стала таксама маладзечанка Віта Сівіцкая.

Па словах Паўла Герасімюка, ён задаволены выступленнем сваіх камандаў. Зрэшты, пераможны вынік прывычны для маладзечанцаў. Летась першыя месцы займалі і мужчыны, і жанчыны. Сёлета жанчынам крышку не пашанцавала.

Андрэй Фёдараў і Сяргей Комса прадставяць Маладзечанскі раён на асабовым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь. Чэмпіянат будзе праходзіць 6-10 сакавіка ў сталічным цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. На спаборніцтвах збяруцца 32 мацнейшыя тэнісісты з усёй краіны. Па выніках спаборніцтваў у Мінску будзе складзеная зборная каманда Беларусі.

Акрамя гэтага, маладзечанскія тэнісісты рыхтуюцца да другога тура каманднага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе. Пасля першага тура, які прайшоў у снежні, нашы займаюць сёмае месца. Па словах Паўла Герасімюка, гэта дастаткова высокі паказчык, бо, акрамя вышэйшай, у Беларусі ёсць яшчэ першая і другая лігі.

Сяргей ЗЯНЬКО.