Яна Тонкавіч, вучаніца маладзечанскай гімназіі №10 і карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ”, знаходзіцца ў Мінску на зборах па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Па тэлефоне ад панядзелка да серады Яна вяла для “РГ” рэпартаж са збораў.
У панядзелак, 22 лютага, пачаўся другі, заключны, этап збораў. Яны праходзяць у Мінскім дзяржаўным абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кад­раў. У нашай групе 15 чалавек. Мы ўжо знаёмыя паміж сабой, бо сустракаліся на абласной алімпіядзе і на першым этапе збораў, які праходзіў ад 8 да 13 лютага. З Маладзечна разам са мной рыхтуецца яшчэ адна дзяўчына, Надзея Бароўка з гімназіі №7.

У адрозненне ад першага дня першага этапа, калі адразу з электрычкі селі за сталы ў аўдыторыі, у гэты панядзелак была вольная гадзіна перад заняткамі, таму паспелі адпачыць з дарогі. Расклад працоўнага дня наступны: заняткі ад 9 да 13 гадзін, потым ад 13 да 14 – абед, ад 14 да 17 – зноў заняткі, а пасля аж да наступнай раніцы – вольны час.

Панядзелак быў прысвечаны вывучэнню асаблівасцяў паэтычнага стылю паэтаў-класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Заняткі праводзіла загадчыца аддзела рускай і беларускай мовы інстытута Інга Пінголь. Вельмі спадабалася адно з заданняў: нам чытаюць верш, не называючы яго аўтара, а мы, паслухаўшы, павінны гэтага аўтара назваць.

У гэты ж дзень заняткі па тэорыі літаратуры з намі праводзіла выкладчыца кафедры тэорыі літаратуры БДУ Ізольда Ківель. Вывучалі таксама мастацкія сродкі ў літаратуры, разбіралі вершы.

Збіраліся паехаць у Купалаўскі тэатр, але высветлілася, што нам не ўзялі білетаў. Шкада…

Аўторак. Вывучаем сінтаксіс беларускай мовы. Спадабалася. Даступна і зразумела ўсё тлумачыла Аксана Мілашэўская, настаўніца сталічнай школы №137 імя Машэрава. Дарэчы, цікавая вельмі жанчына, у яе ўсе пяцікласнікі ведаюць, што ў сапраўднай жанчыны павінна быць шмат брылЬянтаў, якія ўпрыгожваюць калЬе, а таксама некалькі мілЬёнаў. Такім чынам, гэтыя словы, у якіх даволі часта робяць памылкі, запамінаюцца вельмі лёгка. Але мы не ў пятым класе, таму займаліся рэчамі больш сур’ёзнымі.

Чым заняцца вечарам? Цэлы вечар вольны, гэта ж проста мара! Ніякіх там рэпетытараў і дамашніх заданняў. Адзінае крыху засмучвае: інстытут знаходзіцца на самай ускраіне Мінска, так што шпацыраваць асабліва няма дзе. Тут ёсць бібліятэка і вольныя аўдыторыі, дзе можна прадоўжыць займацца самастойна. Але лепш сабрацца разам і размаўляць да поўначы. Гэта весялей. Толькі вось з надзеяй адаспацца можна развітвацца.

Серада. Пры­яз­джаў Уладзімір Кулі­ко­віч. Ён працуе ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універ­сі­тэце на кафедры рэдакцыйных і выдавецкіх тэх­налогій. Выдаў шмат падручнікаў па пад­рых­тоўцы да алім­пі­яд. Задаваў нам розныя заданні, мы іх выконвалі.

А пасля паехалі на філалагічны факультэт БДУ. Там праходзіць тыдзень роднай мовы. Разам з першакурснікамі паўдзельнічалі ў па­зна­вальна-забаў­ляль­най гуль­ні “Філалогія і я” – нам задавалі такія ра­зум­ныя пытанні, што мы падчас не ўсё разумелі. Больш у гэты дзень заняткаў не было.

Наперадзе яшчэ – чацвер, пятніца, субота, потым – дамоў.

Яна ТОНКАВІЧ, па тэлефоне з Мінска для “РГ”.