У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” у суботу, 19 лютага, сабраліся школьнікі ад 8 гадоў і старэйшыя. Да іх у госці завіталі даўнейшыя сябры – намеснік начальніка маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Васількоў і капітан запасу авіяцыі Аляксей Прахін.
Педагог па адукацыі Уладзімір Васількоў сябруе з дзецьмі, дапамагае ім, праводзіць сумесныя сустрэчы. Прычым гэтыя адносіны зусім не для “галачкі”. Пачынаючы з розных конкурсаў, такіх, як, напрыклад, “Містэр Сасновы Бор”, у маёра міліцыі Уладзіміра Васількова склаліся з дзецьмі вельмі цёплыя і сяброўскія адносіны.

А зусім нядаўна сярод школьнікаў, якія займаюцца ў цэнтры, правялі конкурс па стральбе “Трапны стралок”. Дзеці спаборнічалі ў сапраўдным ціры Маладзечанскага райаддзела міліцыі. Канешне, выкарыстоўвалі яны не баявую зброю, а пнеў­матычную, але канкурсанты былі ў захапленні!

А ў суботу ў “Маладзі­ку” наладзілі цікавую гульню. Удзельнічалі ў ёй дзве каманды – “Юныя джэнтльмэны” і “Сапраўдныя мужчыны”. Журы ўзначалілі Уладзімір Васількоў і Аляксей Прахін.

Спаборніцтвы былі нялёгкія. У конкурсах хлопцы не толькі адказвалі на цяжкія пытанні, але нават вучыліся аказваць дапамогу раненым! Дзве каманды спаборнічалі ў ваеннай падрыхтоўцы, паказвалі, як хутка чысціць бульбу ў конкурсе “Палявая кухня”. Як трэба спяваць – у конкурсе “Песня на прывале”, а таксама, як пісаць ліст любімай дзяўчыне. Гледачам у зале вельмі спадабалася пісьмо, якое зачытаў Георг Пятрэнка з каманды “Сапраўдныя мужчыны”.

Былі падведзеныя вынікі спаборніцтваў па стральбе “Трапны стралок”. Узнагародзілі першыя тры месцы ў кожнай узроставай групе. Сярод дзяцей ва ўзросце 10-12 гадоў першае месца заняў Кірыл Нехвядовіч, у катэгорыі 13-15 гадоў – Аляксей Цыганкоў, 16-17 гадоў – Георг Пятрэнка. Сярод дзяўчынак лепшай стала Данііла Ваяна. Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі ад Дэпартамента аховы.

Падвёўшы вынікі спаборніцтваў, усе ра­зам прыйшлі да высновы, што перамагло сяброўства. Кожная каманда атрымала салодкі торт і флікеры.

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.