Кіраўнік узорнай эстраднай студыі “Экспромт” Нэла Зайцава і акампаніятар Алег Зайцаў.

“Складанасці і канфлікты, вядома, бываюць. Але мы ўсе стараемся іх вырашыць і наладзіць узаемаразуменне”, – расказаў ён у інтэрв’ю “РГ”.

Цяпер у студыі не займаецца ніводны хлопчык. Педагогу па вакале з хлопцамі ўвогуле цяжэй працаваць: і рэпертуар падабраць, і мутацыя голасу ў іх больш выражаная. “Увогуле хлопчыкі радзей добра спяваюць. Да таго ж аднаго вазьмі – ён не затрымаецца, збяжыць. Трэба набіраць некалькі. А групу хлопчыкаў, якія б добра спявалі, цяжка знайсці”, – тлумачыць кіраўнік студыі Нэла Зайцава.

Эстрадная студыя “Экспромт” створаная ў 1989 годзе на базе вілейскай школы мастацтваў. Пачыналася як вакальна-інструментальны ансамбль, але з цягам часу стала спецыялізавацца выключна на вакальным майстэрстве. У 1997 годзе атрымала званне “ўзорная студыя”. Цяпер яна працуе на базе Палаца культуры.

На працягу 20 гадоў “Экспромтам” нязменна кіруюць выкладчыкі школы мастацтваў Нэла і Алег Зайцавы. “Асноўная наша работа – у школе, мы выкладчыкі, – расказалі яны. – Але нашы душы належаць “Экспромту”. Дома ўвечары таксама працуем над рэпертуарам, фанаграмамі. Але гэта не цяжар – задавальненне”.

У Нэлы і Алега – двое сваіх дарослых дзяцей. Таксама дзяўчаты – Аксана і Дыяна. Праўда, з паняццем “нашы дзеці” ў Зайцавых блытаніна. “Мы пад нашымі заўсёды мелі на ўвазе студыйцаў. Аксана і Дыяна раўнавалі і вельмі крыўдавалі. Яны нас не часта бачылі”, – успамінаюць кіраўнікі студыі.

Восенню 2009 года “Экспромт” адзначыў 20-гадовы юбілей. І якраз мінулы год для студыі быў вельмі паспяховы: яе выхаванцы на розных конкурсах атрымалі каля 35 дыпломаў. На адкрытым конкурсе “Вясенні зарапад” і традыцыйным адкрытым конкурсе мастацтваў “Вікторыя” вілейскі “Экспромт” заваяваў Гран-пры. У адной узроставай намінацыі выхаванкам студыі далі два першыя месцы. “Больш ураджайнага года ў нас ніколі не было. І, напэўна, не будзе ніколі, бо больш проста немагчыма. Нам ужо на агульнабеларускіх конкурсах паўжартам кажуць: “Вы ўжо адпраўляйцеся на міжнародныя конкурсы. Бо што вам за сэнс тут выступаць? Ці вы будзеце дыпломы саліць, як агуркі ў бочцы?” – смяюцца Нэла і Алег Зайцавы.

Цяпер “Экспромт” падаў некалькі заявак на ўдзел у конкурсе “Маладыя таленты Беларусі”. Ён праходзіць у некалькі этапаў: спачатку прафесійнае журы выбірае лепшых, затым – ратацыя па радыё, затым, улічваючы меркаванні слухачоў, найлепшых выклікаюць у Мінск, дзе адбудзецца фінал – лепшыя выканаўцы спяваюць з сімфанічным аркестрам. Кіраўнікі студыі мараць яшчэ пакарыць міжнародны конкурс “Зямля пад белымі крыламі”, які праходзіць у Мазыры. Але туды далекавата ехаць – дорага абыдзецца паездка.

У студыю “Экспромт” не кожны ахвотны можа патрапіць – кіраўнікі папярэдне праслухоўваюць прэтэндэнтаў. Цяпер у ёй займаюцца восем старэйшых (9-11 клас) і 9 малодшых салістаў. Яшчэ 15 чалавек – навучальная група. Яны не выступаюць, але вучацца, педагогі да іх прыглядаюцца.

“Калі б гэта быў харавы калектыў, мы б прымалі больш: яны ўсе разам сталі, выканалі адну песню і ўсе паўдзельнічалі ў канцэрце. А так уявіце сабе: 20 салістаў, яны, як птушаняты, у рот глядзяць – кожнаму трэба песня, і да кожнай – фанаграма. А яшчэ трэба песні для дуэтаў-квартэтаў падабраць і бэк-вакал прапісаць. Таму мы не можам узяць усіх ахвотных”, – тлумачыць Алег Зайцаў.

Абмежаванняў па мінімальным узросце тут няма – галоўнае, каб дзіця было таленавітае, яркае. Цяпер самая маладая салістка – 9-гадовая Віка Місюль. І менавіта яе найперш адзначылі кіраўнікі “Экспромту”: “За 20 гадоў існавання студыі такая дзяўчынка прыйшла ўпершыню – яркая, з выдатным голасам”.

З навічкамі, асабліва малымі, спачатку цяжка, прызнаюцца Нэла і Алег. Але ж, адзначаюць яны, менавіта ў гэтым і заключаецца работа педагога: вучыць азам, развіваць здольнасці і ўменні дзіцяці. Напэўна, таму педагогам так цяжка развітвацца з выпускнікамі, што ў іх укладзена шмат душэўных сіл і ведаў.

Алег і Нэла адзначаюць, што з кожным годам знайсці добрых вакалістаў усё цяжэй: “Увогуле таленавітых дзяцей мала. У групе яны нядрэнна спяваюць, але салістамі нямногія могуць быць. Каб саліст меў поспех, аднаго выдатнага голасу недастаткова. Трэба каб ён быў і артыстычны, і харызматычны, і яркую знешнасць меў, і добрую фігуру. Усё гэта разам рэдка спалучаецца ў адным дзіцяці. Цяперашняга слухача ўвогуле не здзівіш аднымі вакальнымі дадзенымі – яго трэба здзівіць, яму трэба шоу. А ў Вілейцы нараджальнасць нізкая, і выбар штогод становіцца ўсё меншы. Мы гэта бачым па наборы ў музычную школу: на некаторыя аддзяленні конкурсу ўвогуле няма. Так і з салістамі: выбар невялікі. Хаця на конкурсах нашы калегі з іншых гарадоў здзіўляюцца: “Дзе вы бераце такіх таленавітых і прыгожых дзяўчат?”

Шмат хто з выпускніц “Экспромту” выбраў сабе прафесію, звязаную з песняй. Некаторыя сталі прафесійнымі спевакамі. Алеся Дзяржавец закончыла Маладзечанскае музвучылішча. Нейкі час выступала як бэк-вакалістка ў студыі Ірыны Дарафеевай. Цяпер яна салістка канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Наталля Салава – салістка аркестра народных інструментаў імя Жыновіча. Алеся Супрановіч пасля вучобы вярнулася ў Вілейку і з’яўляецца цяпер выканальнікам абавязкаў дырэктара Палаца культуры. Але не гэта – кар’ера, прафесійныя вяршыні, пасада – галоўнае, лічаць педагогі “Экспромту”. “Галоўнае, што ў душы нешта застаецца, што чалавек з песняй – усё жыццё. Акрамя таго, уменне трымацца на сцэне, выступаць перад вялікай колькасцю людзей таксама важна ўмець. Гэта – падрыхтоўка да жыцця”, – адзначыў Алег Зайцаў.

Святлана ЦІШКО.

Фота забяспечана Алегам ЗАЙЦАВЫМ.

Песня “Музыка”

Песня “Не унывай”

 

Песня “Паровозік-облачко”