Гэта цяпер рэчка Пляснянка стала смірнай,  і не паказвае свой характар. А былі часы, калі яна, выйшаўшы з берагоў, затоплівала вуліцу Савецкую так, што па ёй можна было плаваць на чоўне.
“Фотаздымак гэты быў зроблены хутчэй за ўсё за польскім часам, – разважае віляйчанін Ігар Мароз, зірнуўшы на фота. – Бачыце, справа двухпавярховы будынак? Гэта дом Бермана, у якім былі аптэка і фотаатэлье. Гаспадара арыштавалі напрыканцы 1930-х. Тады ж экспрапрыіравалі яго дом. Другі паверх разабралі, на першым адкрылі магазін. На гэтым фота будынак у цэласці. Значыць, было гэта дзесьці ў пачатку 30-х гадоў, а мо, і ў сярэдзіне”.

Пляснянка разышлася не на жарт. Выйшаўшы з берагоў, яна затапіла мост і пайшла сабе гуляць па Савецкай далей. Каб прайсці вуліцай, людзі вымушаныя былі зрабіць драўляны насціл. Ён вузенькі, такі, што можна прайсці аднаму чалавеку. На фота бачна, што людзі ходзяць па ім гуськом.

Некалькі чалавек стаяць на ганку драўлянага дома. Можа, там магазін альбо ўстанова, якая пакуль што зачыненая на абед. Хаця не выключана і тое, што яны проста спыніліся, каб паназіраць за мужчынам, які выплыў на вуліцу Савецкую на чоўне. Бачыце, у руках у яго шост, які дапамагае кіраваць “караблём”. А ў ім – пасажыры. Бясспрэчна, гэта дзеці. Можа быць, усе чацвёра – хлопчыкі.

Думаецца, што гэты чалавек можа прыходзіцца аднаму з іх бацькам альбо старэйшым братам, якога яны ўпрасілі пакатаць іх на чоўне. Хаця не выключана і тое, што ён падвозіць малечу, якой трэба ісці ў школу, да драўлянага насцілу.

Цягнецца ён хутчэй за ўсё не праз усю вуліцу. Мяркуючы па фотаздымку, яна гарыстая. Таму ля дамоў, што стаяць вышэй, павінна быць суха. А тыя, што ніжэй, магчыма падтопленыя яшчэ больш, чым вось гэтыя дрэвы, пасаджаныя ўздоўж праезнай часткі. Дарэчы, яны голыя. Значыць вясна – ранняя і яшчэ не паспела сагрэць цяплом ні прыроду, ні людзей.

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана Вілейскім краязнаўчым музеем.