А ўсё ж такі малайчына Клара Цэткін. Каб не яна, то ці прыдумаў бы хто нам, жанчынам, свята. Якое плюс да ўсяго стала яшчэ і выхадным днём.
Дарэчы, у 1966 – у памяць аб удзеле жанчын у дэманстрацыі ў Пецярбургу 8 сакавіка 1917 года. Праўда, паступова яно згубіла палітычную афарбоўку і стала проста Днём жанчын. Які разам з былымі рэспублікамі СССР святкуюць у Лаосе, Анголе, Кітаі, Македоніі, Манголіі ды і іншых краінах.

“Мужыкі, толькі не крыўдуйце, – напісаў адзін прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва на сваім персанальным сайце, – але нехта ўсё ж павінны гэта сказаць: жанчыны лепшыя за нас. Яны разумнейшыя, прыгажэйшыя, спрытнейшыя ды і да жыцця лягчэй прыстасоўваюцца. Мужчыны – яны ж ільготнікі. І льготаў гэтых, калі задумацца, процьма. Нам, напрыклад, не трэба ўставаць на гадзіну раней, каб прыгатаваць сняданак і сабраць дзяцей у школу альбо садок. Нам не трэба думаць, што сёння прыгатаваць на абед, а заўтра – на вячэру. Рэдка хто з мужчын задумваецца над тым, які тэмпературны рэжым выбраць, каб памыць у пральнай машыне сваю кашулю. Не трымаем мы ў галаве памер абутку і адзення сваіх дзяцей і яшчэ шмат чаго іншага”.

“Фу, – падумалася мне, – знайшоў пра што гаварыць. Мужчыны не трымаюць у галаве памер абутку сваіх дзяцей. Адзін мой знаёмы, напрыклад, па сённяшні дзень блытаецца, у які клас ходзіць яго сын, у восьмы ці ўжо ў дзевяты. А другі, калі запрашае на дзень нараджэння, абавязкова пытаецца ў жонкі: “Танька, а колькі мне сёння гадоў?”

Прычым ён не якая там дубіна. Нармальны, разумны мужчына, займае кіруючую пасаду. Толькі навошта яму яшчэ лічыць свае гады, калі і без таго работы хапае. Ён жа ведае, што ў любы момант усю патрэбную інфармацыю можна атрымаць у Танькі. Бо яна ўсё ведае: калі плаціць за кватэру, калі дачцэ за вучобу, колькі ў магазіне каштуюць больш-менш чалавечыя шпалеры і якога памеру трэба купляць мужу джынсы. Бо ён, гэткі фраер, не любіць цягацца ў рыначным натоўпе.

“Мужыкі, вы калі-небудзь спрабавалі бегчы за тралейбусам на шпільках, ды яшчэ ў вузкай спадніцы”, – жартуе гумарыст з экрана тэлевізара. Мужчыны ў зале весела рагочуць. “Ну і што тут смешнае?” – хочацца спытацца ў іх. Нашы жанчыны не толькі ўмеюць бегаць за тралейбусамі. Яны іх водзяць, рамантуюць. А пасля працы, перасеўшы на ўласныя аўтамабілі, едуць на дачу, у лес у грыбы, да бацькоў. Я, напрыклад, ведаю жанчыну, філолага па адукацыі, якая паклала ў ванным пакоі плітку, а пасля зрабіла на балконе шафу для захоўвання розных патрэбных у быце рэчаў. Другая, гледзячы на тое, як муж ніяк не можа справіцца на дачным участку з цяпліцай, давяла яе да ладу разам са сваёй маці.

“Свет без жанчын існаваць не можа. А вось без мужчын…,” – разважае на старонках аднаго з перыядычных выданняў мужчына. І, быццам бы апамятаўшыся, дадае: “Хлопцы, а вы не думалі, што рана ці позна яны ўсё ж навучацца абыходзіцца без нас. Так што цаніце іх, пакуль не позна. Любіце, на руках насіце. І не толькі 8 Сакавіка”.

Марына СЛІЖ.