У гэтым сезоне ў вілейскім парку акрамя атракцыёнаў і каруселяў з’явіцца пейнтбольны клуб.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” 1 сакавіка расказаў Пётр Маскалевіч, дырэктар вілейскай райкінавідэасеткі, якая таксама адказвае за атракцыёны і адпачынак у парку.

Па словах Пятра Маскалевіча, дакументацыя ўжо гатовая, цяпер закупляюць неабходны спецыяльны рыштунак.


Даведка “РГ”. Пейнтбол – камандная гульня з прымяненнем ручной пнеўматычнай зброі, якая страляе капсуламі з фарбай. “Кулі”, сустракаючыся з перашкодай, у тым ліку з целам чалавека, разбіваюцца і афарбоўваюць яго.


“Баі” будуць адбывацца на тэрыторыі Ніжняга парку: там ёсць, дзе схавацца і дзе пабегаць, пастраляць, не перашкаджаючы прахожым. Акрамя таго, вызначаны яшчэ пяць запасных пляцовак у ваколіцах Вілейкі. Адначасова ў “бітве” змогуць удзельнічаць 10 чалавек – па пяць з кожнай каманды. Калі гульня будзе карыстацца попытам, то рыштунак дакупяць.

 

Пётр Маскалевіч лічыць, што такі адпачынак будзе цікавы людзям любога ўзросту. А найбольш – школьнікам. “Дзеці заўсёды любілі ваенізаваныя гульні, напрыклад, “Зарніца”. Таму мы плануем выязджаць у буйныя сельскія школы, каб школьнікі раёна таксама маглі пагуляць”, – расказаў ён у інтэрв’ю “РГ”.

Акрамя навінкі, у гэтым сезоне ў вілейскім парку, як і летась, будуць працаваць атракцыёны “Вясёлыя горкі”, “Дзіцячая чыгунка”, “Юнга”, карусель “Сонейка”. Для дзяцей таксама добраўпарадкуюць дзіцячую пляцоўку. Для дарослых у відэасалоне плануюць зрабіць тры кабіны з вялікімі плазменнымі ці вадкакрысталічнымі тэлевізарамі.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.