Анатоль Рогач у сваім кабінеце падчас інтэрв’ю “РГ”. 2 верасня 2006 г.

Даведка “РГ”. Анатоль Рогач. Нарадзіўся 1 чэрвеня 1947 года ў вёсцы Каралеўцы Вілейскага раёна. У раённых электрасетках (РЭС) працуе ад 1967 года. У 1972-м завочна скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Ад 1988 года па сённяшні дзень узначальвае РЭС. Актыўна займаецца краязнаўствам каля 20 гадоў. Кандыдат у майстры спорту па шашках. Жанаты. Жонка – Вера Фёдараўна. У сям’і – дачка, сын, трохгадовы ўнук, тры ўнучкі, якім шэсць гадоў, дванаццаць, пяць месяцаў.

– Анатоль Валянцінавіч, вы кіруеце даволі буйным прадпрыемствам. Адбыліся як спецыяліст сваёй справы. У вас вялікая сям’я. Дзеці, унукі. Што прымушае падчас уласнага адпачынку не ехаць на курорты, а прападаць у архівах і капацца ў мінуўшчыне краю?

– Я ўжо не ўяўляю без гэтага свайго жыцця. Камусьці падабаецца паляванне, рыбалка, хтосьці маркі збірае. Нехта так любіць уласную машыну, што суткамі не вылазіць з гаража. У кожнага свае захапленні. Гісторыя і геаграфія Вілейшчыны мяне цікавіла са школьных гадоў. Тады шмат матэрыялаў было пра Полацк, Тураў, Слуцк, Мінск. А ў нас як было? У падручніках і гістарычных даведніках пра нашу зямлю пісалі ад Кастрычніцкай рэвалюцыі альбо ад Вялікай Айчыннай вайны. Складвалася ўражанне, што гісторыя пачынаецца толькі ад гэтых падзей. А колькі цікавага адбывалася за 50, 100 гадоў да гэтага! Тады, яшчэ падчас навучання ў школе, любіў распытваць пра мінулае старэйшае пакаленне. Тых, хто ваяваў, партызаніў. I вось цяпер я са сваімі сябрамі-краязнаўцамі па меры магчымасці і знішчаю белыя плямы гісторыі. Гэта зацягнула мяне, і спыніцца ўжо немагчыма. Я высветліў, напрыклад, што даты і месцы нараджэння вядомых землякоў – Iгната Ходзькі, Эдварда і Люцыяна Жалігоўскіх – у даведачнай літаратуры не адпавядаюць рэчаіснасці. Мяне здзіўляе таксама, што вуліцы ў Вілейцы называлі імёнамі людзей, якія да горада і нават краіны не мелі ніякага дачынення. Разам з тым, сваіх славутых землякоў мы забываем.

– Ці не пакутуюць родныя ад вашага захаплення? На краязнаўчую работу патрэбны час. Адпаведна, менш часу застаецца на ўвагу да дзяцей, унукаў.

– I дзеці, і ўнукі не пакрыўджаныя. Адно другому не перашкаджае. Раней родныя пыталіся: навошта табе гэта трэба? Але ўрэшце змірыліся, калі зразумелі, што я ніколі не кіну гэтым займацца і мяне ўжо не перайначыць.

– Анатоль Рогач больш энэргетык ці краязнаўца?

– Нельга так ставіць пытанне – “больш-менш”. Мне аднолькава дарагая і мая работа, і маё захапленне. Галоўнае – перажываць за сваю справу, хварэць за яе і не быць абыякавым. I асноўная работа не перашкаджае займацца краязнаўствам. Нават дапамагае.

– Напрыклад, на тэрыторыі электрасетак можна схаваць камень-помнік Юзафу Пілсудскаму, калі палякі хочуць вывезці яго на тэрыторыю пасольства Польшчы ў Мінску…

– Ну, схаваў. Затое захавалі помнік на вілейскай зямлі. Камень стваральніку польскай дзяржавы, другой Рэчы Паспалітай, быў усталяваны ў вёсцы Будзькі ў 1935 годзе. Цяпер гэта Хаценчыцкі сельсавет. Пазней, прыкладна ў 1939-м, валун вывезлі за вёску. Ён ляжаў на сваім месцы амаль 70 гадоў. I раптам восенню 2004 года яго вырашылі забраць палякі і перавезці на тэрыторыю свайго пасольства. Я са сваімі супрацоўнікамі паціху перавёз камень на тэрыторыю электрасетак. Гэта дазволіла пакінуць помнік на Вілейшчыне. Я ўпэўнены, што калі мы будзем раздаваць гістарычныя рарытэты з нашай зямлі направа і налева, у нас нічога не застанецца.

– Шмат аднадумцаў, якія падзяляюць ваш пункт погляду? З кім сябруеце?

– З інспектарам энэрганагляду Яўгенам Петрыкевічам. Ён таксама захоплены краязнаўствам і вельмі дбайна ставіцца да захавання помнікаў на Вілейшчыне. Вельмі сябруем з настаўнікам, краязнаўцам са Смаргоні Уладзімірам Прыхачам. Часта абменьваемся інфармацыяй, дапамагаем адзін аднаму ў вывучэнні гісторыі нашых раёнаў. Сябрую таксама з супрацоўнікам завода “Зеніт” Аляксандрам Зайцавым, загадчыкам раённай паліклінікі Сяргеем Грынцэвічам, іншымі краязнаўцамі.

– Вам плацяць зарплату за работу на пасадзе начальніка электрасетак. За занятак краязнаўствам плаціць прыходзіцца самому. Каб за сваё захапленне вы яшчэ і зарплату атрымлівалі, кінулі б электрасеткі?

– Не. Трэба дапрацаваць столькі, колькі прызначана. Я не вымяраю ўсё грашыма.

– I ўсё ж, колькі грошай траціцца на паездкі, архівы, пошукі, даследаванні? Які прыкладна працэнт ад зарплаты?

– Ёсць, канешне, расходы. Але я б не хацеў засяроджваць на гэтым увагу і называць нейкія канкрэтныя сумы. Хочаце, палічыце самі, колькі каштуе, скажам, білет да Вільні ці да Гродна і назад. Дабаўце харчаванне, пражыванне. Але, паўтаруся, для мяне гэта – не галоўнае.

– Работу сваю любіце?

– Канешне. Ужо 39 гадоў на адным месцы. Як не любіць? Работу энэргетыка можна параўнаць з работай сапёра. Як і сапёр, энэргетык памыляецца адзін раз.

– Колькі Вілейка можа пражыць без электрычнасці?

– Ёсць аб’екты, якія і хвіліны не могуць пражыць. Бальніца, хлебазавод. Без электрычнасці ж – значыць і без вады і цяпла.

– Здараліся ў практыцы няштатныя сітуацыі, няшчасныя выпадкі?

– У 1976 годзе ўзарвалася ячэйка масленага выключальніка на падстанцыі. Ад выбуху загінуў мой сябар. Вілейка на паўтара сутак засталася без святла. Я працаваў тады галоўным інжынерам. Пасля здарэння работа не спынялася ні днём, ні ноччу, каб аднавіць энэргазабеспячэнне.

– Што змянілася ў вашай рабоце ад тых часоў?

– Цяпер у нас дзве з паловай тысячы ліній па ўсім раёне. А калі я пачынаў працаваць, у 60-я гады, падчас аварыі любая вёска магла застацца без электрычнасці на тры дні. Гэта лічылася нармальным. Цяпер рамонт займае не больш за дзве-тры гадзіны. Нашы лініі сёння праходзяць праз лясы, палі, рэкі. Падчас абслугоўвання электраліній, кожную з якіх я абышоў не адзін раз, наведваю цікавыя месцы, знаёмлюся з цікавымі людзьмі. Пра многае даведваюся ўпершыню. Сумяшчаю службовы абавязак са сваім захапленнем – краязнаўствам.

– Iншымі словамі, няма нічога дзіўнага, што энэргетык займаецца краязнаўствам?

– Абсалютна нічога дзіўнага. У нас шмат хто цікавіцца гісторыяй свайго краю: электрыкі, вадзіцелі, трактарысты. Знойдуць цікавы факт – паведамляюць мне. Так і збіраюцца матэрыялы. Некаторыя на працягу пяці-дзесяці гадоў. Працую ў архівах Мінска, Маладзечна, Гродна. Пяць разоў ездзіў у архіў у Вільню. Здараецца, што за парадамі і кансультацыямі да аматараў-краязнаўцаў звяртаюцца краязнаўцы са спецыяльнай для такой работы адукацыяй – гісторыкі, географы, навукоўцы.

– Ці праўда, што ў архівах сыра і холадна?

– Няпраўда. Там суха, светла і цёпла. Падтрымліваецца пэўная тэмпература, ствараюцца спецыяльныя ўмовы для захоўвання дакументаў. Уяўляеце, прыносяць мне дакументы, якім 200-300 гадоў. Дзіўныя ўражанні. Прыемна здзівілі адносіны да наведвальнікаў у Вільні. Там да беларусаў вельмі добразычліва ставяцца. У архіве ў Беларусі не заўсёды дадуць паглядзець патрэбныя дакументы. Трэба пісаць заяву на імя дырэктара. Ён ставіць сваю візу. У Вільні ўсё прасцей. Дастаткова проста атрымаць білет чытача. Нават дазваляюць карыстацца фотаапаратам. Апошнія тры гады па тры тыдні адпачываю ў санаторыі пад Гроднам. Да абеду – працэдуры, пасля еду ў гродзенскі архіў. Заўсёды вельмі чакаю адпачынку, каб заняцца краязнаўствам.

– Як начальнік вы ліберал ці дыктатар? Падначаленыя вас баяцца?

– Хутчэй паважаюць. У нас няма цякучасці кадраў. Звальняем людзей у двух выпадках – за з’яўленне на рабоце ў нецвярозым стане альбо за грубае парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі, ды і такія выпадкі здараюцца рэдка. А ўвогуле людзі ў нас даражаць сваёй работай. Начальніку не трэба быць дыктатарам. Нікога не трэба прымушаць працаваць, угаворваць ці палохаць. Па асабістым жаданні звальняюцца хіба што ў сувязі з пераездам на іншае месца жыхарства ці па нейкіх сямейных абставінах.

– Калі вы са школы любілі гісторыю, чаму вырашылі вучыцца на энэргетыка?

– З дзяцінства я марыў стаць мараком. Любоў да мора мне прывіў мой дзядзька, марак далёкага плавання. Ён толькі на восем гадоў за мяне старэйшы. I адносіны з ім, як са старэйшым братам. Я ў 1965 годзе паступаў у Адэскае вышэйшае інжынернае мараходнае вучылішча. Былі добрыя адзнакі. У анкеце сумленна напісаў, што мая цётка, сястра маці, жыве ў Аўстраліі. Падчас вайны яе ўгналі ў Германію. Напрыканцы вайны яна апынулася ў зоне кантралявання амерыканцаў. Пасля выйшла там замуж і на радзіму не вярнулася. Мяне не прынялі ў мараходку. Сказалі, што не прайшоў медыцынскую камісію. Хаця я быў абсалютна здаровы. Упэўнены: не ўзялі з-за таго, што ёсць радня за мяжой. Дамоў вяртаўся ў прыгнечаным настроі. Тады заставаліся ўсяго два дні, каб паспець падаць дакументы ў іншую навучальную ўстанову. I я пайшоў на энэргетыка, бо дакладныя навукі падабаліся больш.

– А чаму не схавалі той факт, што цётка жыве ў Аўстраліі?

– Камсамольцаў вучылі быць сумленнымі, вось і напісаў у анкеце праўду.

– Над чым цяпер працуеце як краязнаўца?

– Над гісторыяй Каралеўцаў, роднай вёскі. Яна некалі ўваходзіла ў Маркаўскае староства. Староства было даволі вялікім рэгіёнам. Сабраў шмат матэрыялаў. Ёсць такі беларускі паэт-дэмакрат Адам Гурыновіч. Ён памёр, калі яму было ўсяго 25 гадоў. Да гэтай пары дакладна невядома дата смерці і дзе ён пахаваны. Шукаў інфармацыю ў архівах, але пакуль не знайшоў. У 1999 годзе адзначылі 400 гадоў з дня заснавання Вілейкі. Лічыцца, што першае ўпамінанне пра горад было ў 1599 годзе. Я ўпэўнены, што гэта дата не дакладная. Ёсць дакладныя звесткі, што на самой справе першае ўпамінанне было значна раней, у 1460 годзе. Спадзяюся, што гэту дату як афіцыйную зацвердзяць на сесіі раённага Савета дэпутатаў. I тады ў 2010 годзе будзем святкаваць ужо новы юбілей – 550 гадоў Вілейцы. Атрымаецца цікавая сітуацыя. Адзначылі 400 гадоў гораду, а праз 11 гадоў – ужо 550. Але такія выпадкі з юбілеямі іншых гарадоў ужо здараліся.

– Краязнаўства – адзінае захапленне?

– Яшчэ шашкі. Лічу, што гэта гульня складаней і цікавей нават за шахматы. Сёлета я стаў чэмпіёнам краіны па рашэнні шашачных задач, а таксама пераможцам у вышэйшай лізе па завочнай гульні па перапісцы. Яшчэ ў 1976 годзе стаў кандыдатам у майстры спорту. У мяне вельмі багатая бібліятэка па шашках. Каля 200 кніг, часопісы розных гадоў. Падтрымліваю сувязь з вядучымі гросмайстрамі, майстрамі спорту.

– Крыху пра асабістае. Кватэра ў вас вялікая?

– Трохпакаёвая. Жывём удваіх з жонкай Верай Фёдараўнай. Дзеці ўжо дарослыя, у іх свае сем’і. Жывуць асобна. Сын Юры працуе ў Маладзечанскіх электрасетках намеснікам галоўнага інжынера. Дачка Людміла засталася ў Вілейцы. Радуюць дзеда тры ўнучкі і ўнук.

– Хто ў хаце гаспадар?

– Гаспадарым з жонкай удваіх.

– Хто гатуе ежу?

– Часцей жонка. Я люблю важдацца з грыбамі. Як збіраць іх, так і гатаваць, марынаваць, саліць.

– Жонка дзе працуе?

– Яна ўжо не працуе. Усё жыццё прысвяціла педагагічнай дзейнасці. Яна – настаўніца пачатковых класаў. Родам з Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла там педагагічнае вучылішча. Маладую настаўніцу прыслалі на работу ў Каралеўцы. Яна жыла на кватэры праз дом ад нашага. Так і пазнаёміліся.

– Машына ў вас ёсць?

– Машына ёсць, але на ёй ездзяць дзеці. Аддаў ім. Мне яна пакуль што без патрэбы.

– Колькі гадзін у суткі спіць Анатоль Рогач?

– Многа не сплю. Мне хапае ад чатырох да шасці гадзін.

– Колькі ў нашай краіне чалавеку ў месяц патрэбна грошай для поўнага шчасця?

– Як каму. Каго і 500 тысяч задаволіць, каму і двух мільёнаў мала будзе. Асабіста для мяне шчасце не ў грошах.

– У чым тады?

– У рабоце і захапленнях.

– Чаго не хапае ў жыцці?

– Вось часу і не хапае. Вельмі хочацца паспець зрабіць у жыцці ўсё, што задумаў. Зрабіць як мага больш.

– Чаго ў жыцці з лішкам?

– Ды, здаецца, лішняга няма.

– I ні ад чаго не хацелася б пазбавіцца?

– Усё ў маім жыцці ідзе ланцужком. Памяркоўна адно за адным. Адна падзея змяняе другую. Лішняга і непатрэбнага, што хацелася б выкінуць, бадай, усё ж такі няма.

– Што б вы хацелі пажадаць чытачам і супрацоўнікам “Рэгіянальнай газеты”?

– Шчасця, здароўя, мірнага неба над галавой. Каб заўсёды хапала грошай. Карэспандэнтам вашага выдання – пабольш цікавых фактаў, сустрэч з цікавымі людзьмі. I, як гаворыцца, вострага пяра.

Восенню 2004 года камень-помнік Юзафу Пілсудскаму вырашылі забраць палякі і перавезці на тэрыторыю свайго пасольства. Я са сваімі супрацоўнікамі паціху перавёз валун на тэрыторыю электрасетак. Гэта дазволіла пакінуць помнік на Вілейшчыне. Я ўпэўнены, што калі мы будзем раздаваць гістарычныя рарытэты з нашай зямлі направа і налева, у нас нічога не застанецца”.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Публікацыі Анатоля Рогача і пра Анатоля Рогача:

Памяці Анатоля Рогача

Чалавек, якога хапае на ўсё

Першынцы энэргетыкі ў рэгіёне

Тайны муроў Вілейскай турмы

Адкрыццё помніка акадэміку Сілівановічу

Адкрыты памятны знак у гонар Шаўчэнкі і Жалігоўскага

Размова з дзядзькам Капцюгом

Украінцы Беларусі і нашы землякі адкрылі памятны знак нацыянальнаму герою Украіны і ўраджэнцу Вілейшчыны