Моладзевы стыль трэш не абмінуў Маладзечна. Незвычайныя дзяўчаты, якія выглядаюць і паводзяць сябе насуперак агульнапрынятых правілаў, ёсць і ў нас. У іх няма імёнаў – адны толькі нікі.. Іх немагчыма не заўважыць на вуліцы… Яны – Get Lost, Heily Coopker, Paul Joke.
Даведка РГ. Паняцце “трэш-культура” з’явілася ў Амерыцы ў 20-30 гады ХХ стагоддзя і першапачаткова пазначала культуру самых нізкіх пластоў грамадства, так званага white trash – “белага смецця”. Трэш-выбух на тэрыторыі былога Савецкага Саюза адбыўся ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў з падзеннем СССР і адменай цэнзуры. Цяпер мы назіраем усплёск новай хвалі трэша.

Трэш – гэта пратэст супраць шаблонаў. Супраць паліраванай масавай культуры. Яго прыхільнікам сумна ад таго, што людзі навокал імкнуцца не вылучацца сярод іншых. Трэш – тая ж самая масавая культура, але даведзеная да абсурду і вывернутая навыварат. А менавіта… Ніякіх мілых воку тонаў, ніякага сюжэту ў звычайным сэнсе гэтага слова. Замест – несуцешная кроў, кіслотная памада і жахлівыя красуні ў паранаідальным мільганні кадраў… Для трэша непрымальныя любыя рамкі і правілы. Галоўнае правіла трэша – аніякіх правілаў.

 

Ці ўсё ў жыцці незвычайна ў незвычайных дзяўчат? Інтэрв’ю перад 8 Сакавіка.

– Дзяўчаты, гледзячы на вас, адразу ўзнікае пытанне: ці камфортна вы сябе адчуваеце пад поглядамі людзей, якія акружаюць вас? Вы такія яркія, вас нельга не заўважыць.

Усё разам: На нас глядзяць, як і на ўсіх іншых дзяўчат – з захапленнем.

– Вы лічыце сябе прыгожымі ці проста жадаеце вылучыцца?

Get Lost: Гледзячы што разумець пад словам прыгажосць. Прыгажосць знаходзіцца ў вачах, якія глядзяць”. Вядома, калі я сама на сябе гляджу, то я вельмі прыгожая. Вылучацца я не імкнуся. Я такая, якая ёсць.

 

Heily Coopker: Я не лічу сябе асабліва прыгожай. Безумоўна, у мяне ёсць куча комплексаў, як і ў любой дзяўчыны майго ўзросту, але проста я навучылася з імі спраўляцца. Гэта, хутчэй за ўсё, мой лад жыцця Не прытрымліваюся ніякіх крытэрыяў стылю, проста выглядаю так, як мне падабаецца.

 

Paul Joke: Я лічу сябе проста вельмі прывабнай. Задаволеная сваёй знешнасцю, ведаю свае недахопы і добрыя якасці. І калі мне хтосьці нават будзе казаць, што я вырадак, проста пасмяюся, бо ў люстэрка бачу сябе. І ўсяліць у мяне комплексы наўрад ці каму ўдасца. Лепш любіць сябе і падабаецца сабе, чым крытыкаваць сябе і лічыць, што ты – нішто.

– А хлопцы ў вас такія ж незвычайныя, як і вы самі?

Дружны смех.

Get Lost & Heily Coopker: На дадзены момант іх у нас няма наогул.

Paul Joke: Мой – самы звычайны для ўсіх іншых і адзіны для мяне.

– Цяпер пра свята. Якія незвычайныя сюрпрызы ці падарункі рабілі вам вашы хлопцы на 8 Сакавіка?

Paul Joke: Мне было 17 гадоў, я сустракалася з хлопчыкам, які надоўга з’ехаў у Маскву. І вось наступіла 8 Сакавіка. Раніцай адкрываю акно (а жыла я на трэцім паверсе) і бачу побач з акном шарыкі з надпісамі “Я цябе кахаю”, “Ты самая лепшая”, “Мы будзем разам” і гэтак далей. А пад дзвярамі мяне чакаў велізарны букет са 162 руж. Было вельмі прыемна. Хоць сам ён так і не павіншаваў мяне, не патэлефанаваў. Проста пакінуў указанні сябрам, якія і падрыхтавалі мне гэты падарунак.

Get Lost: Быў адзін цікавы выпадак… 8 Сакавіка мы з хлопцам адзначалі на даху дома! Папярэдне ён аднёс туды пакет з абрусам, віном, садавінай і прыхаваў усё гэта ў надзейным месцы. Таксама ён знайшоў дзесьці вулічнага музыканта. Музыкант быў на даху за пяць хвілін да нашага там з’яўлення і пачаў іграць. Рамантыка!

Heily Coopker: Мой лепшы сябар аднойчы на 8 Сакавіка зрабіў мне сюрпрыз: напісаў шмат-шмат прыемных слоў на розных паперачках і ціхенька расклаў мне па кішэнях. Вельмі радасна потым было выпадкова іх знаходзіць у самыя нечаканыя моманты.

– Які падарунак вам сёлета хацелася б атрымаць на 8 Сакавіка?

Heily Coopker: Вечка для маёй флэшачкі, калі ласка.

Get Lost: Не ведаю, важны не падарунак, а сама ўвага.

Paul Joke: А я наогул не лічу 8 Сакавіка святам, гэта проста камуністычны атавізм. Раней я, вядома, была паслухмянай дзяўчынкай і дарыла маме вырабы нейкія і падарункі сама атрымлівала, але потым гэты час, дзякуй богу, прайшоў. І я ўпэўненая, што каб падарыць ці атрымаць нешта прыемнае, не патрэбны нейкі асаблівы дзень!

– А што б вы пажадалі іншым дзяўчатам у гэты дзень?

Heily Coopker: Я жадаю дзяўчатам, каб у іх жыцці былі і ўвага, і каханне, і пяшчота, і клопат.  Жадаю, каб нашы жанчыны заўсёды адчувалі сябе патрэбнымі, каханымі і непаўторнымі!

Get Lost: Дзяўчынкі, жадаю вам душэўнага камфорту, каб усё квітнела і пахла, а на душы заўсёды было свята!

Paul Joke: Я жадаю ўсім дзяўчатам, мамам і бабулям цяпла, вясны, сонца. Неверагодных прыгод, усплёску эмоцый. Каб заўсёды побач быў каханы чалавек. У жанчыны тады зусім па-іншаму свецяцца вочы. Я жадаю, каб у кожнай жанчыны вочы ззялі вясёлымі іскрынкамі. Галоўнае, кахаць і быць каханай, а ўсё астатняе ў жыцці прыкладзецца!

Гутарылі Лера CУРАЎЦАВА i Надзя В’ЮГІНА, моладзевая рэдакцыя “РГ”.