Згодна з артыкулам 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП), у Беларусі ад 23 лютага забаронена распіваць піва і слабаалкагольныя напоі у грамадскіх месцах. За гэта прадугледжаная адказнасць – штраф да 8 базавых велічынь (280 000 рублёў).

У Маладзечне такія парушальнікі ўжо знайшліся. Як расказаў “РГ” начальнік дзяжурнай часці райаддзела ўнутраных спраў Ігар Шупенка, ад 23 лютага ў парках і скверах Маладзечна затрымалі 14 чалавек. Па яго словах, гэта тыя людзі, якія не чыталі заканадаўства і не ведалі, што парушаюць КаАП.

Ніводны з затрыманых не абышоўся простым папярэджаннем. Усе яны былі аштрафаваныя. Праўда, начальнік дзяжурнай часці адзначыў, што максімальных штрафаў не давалі. Абмежаваліся адной-дзвюма базавымі велічынямі (35 000 – 70 000 рублёў). Ігар Шупенка спадзяецца, што і гэтыя сумы дазволілі парушальнікам адчуць, колькі для іх у выніку каштавала тая бутэлька піва.

У Вілейцы міліцыя пакуль што толькі папярэджвала аматараў папіць піва ў грамадскіх месцах. Намеснік начальніка райаддзела Андрэй Дударчык паведаміў: “Мы палічылі, што ўсё ж трэба даць чалавеку час, каб адчуць новаўвядзенне на сабе. Таму ад 23 лютага дзейнічалі не па законе, а па сумленні. Па артыкуле 17.3 нікога пакуль не пакаралі. Пратаколаў не складалі, а проста папярэджвалі, што чалавек парушае закон”.

Як адзначае Андрэй Дударчык, раніцай, калі ён ідзе на работу, і ўвечары, калі вяртаецца дамоў, людзей з півам на вуліцах, як раней, не бачыць. Хіба што ў выхадныя дзе-нідзе з’яўляліся тыя, каго міліцыя папярэджвала.

Вось толькі доўжыцца гэта будзе нядоўга. Пройдзе які-небудзь тыдзень, і віляйчане за гэта парушэнне папярэджаннем ужо не абыдуцца. Іх адназначна будуць штрафаваць.

Сяргей ЗЯНЬКО.