Усё прыгожае – ад жанчыны, сказаў аднойчы паэт. Кветкі, відаць, таксама. Маргарыткі, бягоніі і віёлы, якія ад вясны ўпрыгожваюць вуліцы Маладзечна, вырашчаныя жаночымі рукамі ў зялёнапаркавай гаспадарцы.

У маладзечанскай зялёнапаркавай гаспадарцы, дзе Галіна Саулідзі працуе майстрам кветкагадоўлі і гадавальніка, вырошчваюць кветкі і саджанцы дрэў для азелянення горада. А таксама крыху цюльпанаў і калаў на продаж.

Работніцы зялёнапаркавай гаспадаркі Галіна Саулідзі, Рэгіна Яблонская, Вольга Зяневіч і Галіна Сташкевіч.

Праз пяць хвілін знаходжання ў цяпліцы карэспандэнт “РГ” упарылася: тэрмометр над цюльпанамі паказваў +23 градусы. Майстар кветкагадоўлі і гадавальніка Галіна Саулідзі патлумачыла: любым кветкам неабходна тэмпература не меншая за 20 градусаў.

Кветкі тут паўсюль: на паліцах і на падлозе, у скрынках з зямлёй і ў вазонах, ужо з кветкамі і маленькія парасткі, якія толькі-толькі ўзышлі.

Маргарыткі, віёлы і іншыя двухлеткі падрастаюць і чакаюць вясны: у красавіку іх высадзяць на гарадскія клумбы. Бегоніі, сальвіі, цынерарыі, тагецісы – адналеткі – крыху пазней, у сярэдзіне мая. Яны будуць цвісці да самых замаразкаў. Па словах Галіны Саулідзі, летась іх прадпрыемства вырасціла для Маладзечна 370 тысяч каліваў расады.

Але гараджане не заўсёды цэняць працу работнікаў зелянгаса – крадуць кветкі. “Гэта такое балючае пытанне! Летась на Цэнтральнай плошчы давялося падсаджваць 1000 петуній. Бывае, да абеду высадзім кветкі, прыязджаем пасля абеду, каб дасадзіць, – пустыя ямы засталіся”, – расказала Галіна Саулідзі.

Кветак да Восьмага сакавіка, цюльпанаў і калаў, вырошчваюць няшмат – плошчы не дазваляюць ды і магазіна свайго няма. Да таго ж галоўны абавязак гаспадаркі – азеляняць і добраўпарадкаваць горад. Для гэтага ў гадавальніку вырошчваюць саджанцы дрэў: ліпы, клёны, ясені, каштаны.

У зялёнапаркавай гаспадарцы працуюць не толькі жанчыны, але і мужчыны. Яны кветкі не вырошчваюць – косяць газоны, абразаюць дрэвы. За гэта таксама адказвае зелянгас. Але мужчыны надоўга не затрымліваюцца. Не тое, што жанчыны, стаж якіх вымяраецца дзесяцігоддзямі. Напрыклад, у Вольгі Зяневіч – 25 гадоў, у Лідзіі Гудзель – 22 гады, у Галіны Сташкевіч – 28 гадоў.

Рэгіна Яблонская адпрацавала кветкаводам 30 гадоў. І дома яна таксама вырошчвае кветкі: папараць, пальму, пеларгонію, цыкламен. “Проста трэба любіць кветкі і зямлю і з душой працаваць, тады ўсё будзе расці, і дома, і на рабоце, – лічыць яна. – А кветкі вам за гэта аддзячаць: паглядзіш на іх, калі настрою няма – і ўсё наладзіцца”.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.