У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” 27 лютага прайшоў цікавы штогадовы раённы конкурс стэндавых мадэляў-копій пад назвай “Стэнд 2010”, прысвечаны 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Маладзечанец Аляксей Бараноўскі са сваёй работай.

А вось так выглядае дыярама Аляксея Бараноўскага пры больш уважлівым аглядзе.

На конкурс прыехала 11 камандаў з розных гарадоў: Маладзечна, Віцебска, Брэста, Мінска, Заслаўя, Кобрына. Прыняло ўдзел 60 чалавек і было прадстаўлена больш за 140 работ. Гэта мадэлі караблёў, самалётаў, бранявой тэхнікі, а таксама дыярамы, сабраныя ўручную. Ад нашага горада выступалі тры каманды – “Узлёт”, “Ветразь” і “Фрэгат”.

Здаецца, карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ” была адзінай дзяўчынай, што прысутнічала на выставе. З году ў год сюды прыходзяць людзі, якія зацікаўленыя гэтай тэмай. А вось мне, як выпадковаму гледачу, выстава здалася на рэдкасць незвычайнай і займальнай. Даведалася я пра мерапрыемства ад удзельніка конкурсу маладзечанца Аляксея Бараноўскага, які прадставіў свае работы ў намінацыі дыярам.

Аляксей ад 2005 года займаўся ў суднамадэльным гуртку. Адначасова захапляўся стэндавым мадэлізмам. У 2007 годзе ў гэтым жа конкурсе “Стэнд-2007” заняў другое месца. Цяпер ён кандыдат у майстры спорту. Лічыць, што ў гэтай справе важна мець вольны час, шчырую зацікаўленасць і ўседлівасць. І тады ўсё атрымаецца.

Асабліва ўважліва на выставе разглядалі работы маленькія хлопчыкі. Але шмат было і ваенных, у якіх вельмі ярка адчувалася веданне справы, калі яны горача абмяркоўвалі тую ці іншую работу.

Мяне больш за ўсе ўразілі дыярамы, якія можна было разглядаць гадзінамі. Кожная дэталь была не толькі маленечкага памеру, але і выкананая ўручную. Для журы важна было ўважліва разгледзець усе работы, таму падвядзенне вынікаў конкурсу зацягнулася.

Першае месца журы прысудзіла камандзе “Узлёт” маладзечанскага цэнтра “Маладзік”. Другой стала каманда віцебскага культурна-спартыўнага цэнтра чыгуначнікаў, на трэцім месцы – каманда Віцебска.

Лепшымі ў намінацыях мадэляў самалётаў М1:72, самалётаў М1:48, бранявой тэхнікі М1:35, флоту, аўтамабіляў сталі прадстаўнікі Маладзечна. Толькі ў конкурсе дыярам перамаглі госці з Віцебска і Брэста.

Падводзячы вынікі конкурсу, арганізатары адзначылі, што сёлета ў выставе ўдзельнічала вельмі шмат канкурсантаў. А значыць, інтарэс да гэтай справы толькі расце.

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота Аксаны ЕЛЬЯШЭВІЧ.