Такіх жанчын, як падпалкоўнік міліцыі Алена Чэмко, у вобласці няшмат. Яна не толькі выдатны прафесіянал, які паспрабаваў сябе на розных участках службы, але і клапатлівая, тонкая, душэўная жанчына, любячая мама, жонка, добрая гаспадыня.
Алена Валянцінаўна – намеснік начальніка Мядзельскага РАУС, начальнік папярэдняга расследавання. Прызнаецца, што ніколі не бачыла сябе ў ролі міліцыянера. Хацела, як і многія дзяўчаты, быць цырульніцай. Падабалася ёй “майстраваць” прычоскі: адразу – лялькам, а пазней – і сабе…

Нарадзілася яна ў горадзе Кызыл, што ў Рэспубліцы Тува. Па тым, як расказвае пра сваё дзяцінства, адчуваецца, што вырасла ў сям’і, дзе панавалі любоў, дружба, павага.

Бацькі прайшлі-перажылі вайну. І таму цанілі кожны дзень, пражыты ў згодзе, узаемаразуменні, сямейнай гармоніі. Яны і дачку гэтаму вучылі. Казалі, што галоўнае для чалавека – гэта сям’я. Калі бу­дзе ў сям’і любоў ды згода, усё астатняе таксама будзе.

Шлях у прафесію

Аднойчы, калі мама Алены – вядомы ў свой час расійскі журналіст, была ў камандзіроўцы, дачка папрасіла тату, каб той параіў, куды ёй пайсці вучыцца.

– А сама кім хочаш быць? – спытаў бацька.

– Адвакатам!

– Я не супраць!

Атрымаўшы баць­коўскае бла­слаўленне, школьніца падала дакументы ў Іркуцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Паспяхова здала ўступ­ныя экзамены. Вучоба давалася лёгка таму, што ў “альма матэр” падабалася ўсё: прадметы, выкладчыкі, група. На трэцім курсе студэнтка праходзіла практыку ў пракуратуры горада Іркуцк.

Разгледзеўшы ў не па гадах разумнай практыкантцы вялікую кар’­ер­ную будучыню, кіраў­ніцтва назначыла яе выканальніцай аба­вязкаў следчага. Сту­дэнтка працавала апантана і адказна, чым заслужыла павагу ў старэйшых калег. Вопытныя “следакі” здзіўляліся адкуль у дзяўчыны такая інтуіцыя пры расследаванні зла­чын­стваў. Здавалася, што для яе няма такіх спраў, якія б не давяла да суда.

Пасля інстытута будучы падпалкоўнік год адпрацавала ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Тува. У 1982 годзе пачала кар’еру следчага.

Жонка і маці

Муж Алены, Міхаіл Чэмко, таксама мае вялікі міліцэйскі стаж. Толькі нядаўна ён пайшоў на заслужаны адпачынак. Апошнія гады працаваў старшым інспектарам-дзяжурным Мядзельскага РАУС.

– Пазнаёміліся мы, калі я жыла ў Туве. Пасля Вышэйшай школы міліцыі, – расказвае Алена, – Міша па размеркаванні прыехаў працаваць “операм” у аддзел. Там працавала і я. Усяго тады прыехала сем беларусаў, але спадабаўся мне адзін ён – прыгожы, статны, ра­зумны. Прыглянулася і я яму. Вось так і пачаўся наш службовы раман. Ажаніліся.

Хутка мужу пра­панавалі працу у Рызе, дзе Міхаіл раней праходзіў службу. Ён згадзіўся. І я была не супраць. Бачыла, што яго цягне бліжэй да роднай старонкі. (А родам ён з Валожынскага раёна Мінскай вобласці – аўт.). Навошта, думаю, буду ўпірацца. Дзе яму добра, там і мне будзе хораша. Галоўнае, каб мы шчаслівыя былі. А якая розніца дзе?!

Пераехалі. Пражылі ў сталіцы Латвіі нядоўга. Пачаў развальвацца Саюз. Вядома, што тады рабілася ў Прыбалтыцы. Вярнуліся назад. Ненадоўга. Аднойчы муж сказаў мне:

– Едзем у Беларусь!

Я згадзілася. Ужо семнаццаць гадоў тут жывём. Ці падабаецца мне Беларусь? Канешне! Я спакойная за сваю сям’ю.

– Гэта цяпер мы жывём у Мядзеле, – расказвае Алена. – А калі прыехалі ў Беларусь, адразу пасяліліся ў вёсцы Лотва. Муж працаваў участковым. А я – у райаддзеле міліцыі. Сем гадоў стаялі на чарзе на кватэру ў горадзе. Чакалі і дачакаліся. Спачатку было нялёгка. Асабліва, калі нарадзілася Волечка.

Родных на Мядзельшчыне няма. Дапамагаць не было каму. Бывала, што і дачку бралі на працу. Яе ўсе ведалі ў нашым аддзеле. Жартавалі, што мама з маленства прывучае да службы ў міліцыі.

– І яна, канешне, пайшла па бацькоўскіх слядах? – перабіваю суразмоўцу.

– Збіралася! Але па зроку не прайшла медыцынскую камісію…

– А вы хацелі, каб яна стала міліцыянерам?

– Па праўдзе, не! Кажу вам без перабольшвання: служба ў міліцыі – гэта для мужчын. Не кожная дзяўчына, жанчына вытрымае. Я ўжо прывыкла. Мне лягчэй. А навічкам – не зайздрошчу! Калі хочаш працаваць у органах, трэба быць гатовым ад нечага адмовіцца. Напрыклад, выклікаюць на працу ноччу, у выхадныя і святы. Нічога не зробіш, трэба ехаць. Агульнавядома, што мы працуем з няпростым кантынгентам людзей. Рознае можна пачуць у свой адрас. І часцей – дрэннае. Да гэтага трэба прывыкнуць!

– А чым Вольга займаецца?

– Вучыцца на 5-м курсе Беларуска­га дзяр­жаўнага ўнівер­сі­тэта, на факультэце міжнародных адносінаў. Не замужам.

Пра работу і адпачынак

На стале ў падпал­коўніка міліцыі бачу “горы” паперы.

– У колькі пачынаецца і заканчваецца ваш рабочы дзень?

– Афіцыйна ён доў­жыцца з 8.00 да 17.30. Але іду дадому толькі тады, калі ўсё зроблена.

– І часта працуеце дапазна?

– Як атрымліваецца! Бывае, трэба застацца. Але стараюся планаваць свой дзень так, каб паспець зрабіць усё. Лічу, што работай трэба займацца на рабоце, а дома прысвячаць час сям’і, хатнім клопатам. Ніякага асаблівага сакрэту “усёпаспявання” ў мяне няма. Проста стараюся дзейнічаць па зага­дзя складзеным плане, не ленавацца. Галоўнае – рабіць усё ў тэрмін.

– Работа работай, але ёсць жа і адпачынак…

– Безумоўна. Летам з мужам завіхаемся на дачы. Работы заўсёды хапае. Адзін гарод чаго варты… Але гэта прыемныя клопаты. На дачы набіраюся сіл, разгружаюся эмацыйна. Люблю вязаць, гатаваць, сустракацца з сяброўкамі. Чытаю шмат. У Мядзельскай бібліятэцы я часты кліент. Наогул, аддаю перавагу актыўнаму адпачынку. Ляжаць на канапе – гэта не маё. Я заўсёды знайду, чым сябе заняць. Я згодна з выслоўем: рух – гэта жыццё!

Аляксандр СЯНЮЦЬ.