Каб зарабіць грошы на рэканструкцыю і капітальны рамонт дзіцячай бальніцы, на Маладзечаншчыне будуць праведзеныя чатыры раённыя суботнікі – у сакавіку, чэрвені, жніўні і кастрычніку гэтага года.
У іх будуць удзель­ні­чаць прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх формаў уласнасці. Палову заработнай платы, налічанай у дзень суботніка, пера­лічаць на рамонт і рэканструкцыю.

Па словах начальніка Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандра Бузюка, на гэтыя мэты неабходна каля 16 мільярдаў рублёў. Такіх грошай сёлета не прадбачыцца ні з раённага, ні з абласнога бюджэту. “Таму па прыкладзе іншых раёнаў Мінскай вобласці, якім таксама трэба было паскараць вырашэнне фінансавых праблем, маладзечанскія медыкі хадайнічалі перад райвыканкамам аб арганізацыі суботнікаў. Каб кожны жыхар раёна зрабіў свой уклад у такую важную справу. Гэта неабходна для нашых дзетак”, – патлумачыў Аляксандр Бузюк у інтэрв’ю “РГ”.

Аляксандр Бузюк адзначыў таксама, што ў Маладзечне, у адрозненне ад іншых раённых цэнтраў, заўсёды была дзіцячая бальніца. Не дзіцячыя аддзяленні, а спецыялізаваная ўста­нова. Да таго ж мала­дзе­чанская бальніца – міжраённая. У ёй лячыліся маленькія пацыенты не толькі з Маладзечна, але і з Валожына, Мядзела, Вілейкі і раёнаў, часам нават са Смаргоні.

У Маладзечне былі і ёсць падрыхтаваныя кадры менавіта для работы з дзецьмі. Цяпер патрэбны сучасны будынак.

Рэканструкцыя баль­ніцы пачалася ў ліпені 2008 года. У лячэбным аддзяленні ўжо замянілі дах і міжпакаёвыя перакрыцці, усталявалі новыя пластыкавыя вокны. Працуе ацяпляльная сістэма, і пачаліся аздобныя работы ва ўсіх аддзяленнях.

Прыняць удзел у акцыі могуць і жыхары іншых раёнаў. Сродкі можна пералічваць на рахунак райвыканкама №3632601280023 у філіяле №601 ААТ “ААБ Беларусбанк” горада Маладзечна, код 769, УНП 601058141, з пазнакай “на рэканструкцыю і капітальны рамонт дзіцячай бальніцы ў горадзе Маладзечна”.

Святлана ЦІШКО.