Чацвертага сакавіка 120 гадоў таму ў мястэчку Гальшаны цяперашняга Ашмянскага раёна нарадзіўся каталіцкі святар, паэт і публіцыст Язэп Германовіч. У Беларусі творы пісьменніка-святара доўгі час не выдаваліся, а імя яго не згадвалася ні ў падручніках, ні ў даведніках.

Язэп Германовіч. Партрэт мастака Анатоля Крывенкі. 1942 год. Мінск.

З 1919 года на старонках “Крыніцы”, “Беларускай Крыніцы”, “Хрысьціянскай Думкі” і іншых віленскіх часопісаў ён друкаваў на беларускай мове пад псеўданімамі Хлопчык з-пад Гародні, Вінцук Адважны, Лявон Ветрагон допісы, гутаркі на бытавыя, маральна-этычныя і грамадскія тэмы, працаваў у жанрах дзіцячай паэзіі, пісаў гумарыстычныя і сатырычныя творы.

Яго літаратурная спадчына даволі багатая: акрамя публікацыі ў часопісах, пісьменнік перад вайной выдаў дзевяць кніг. У Вільні асобнымі кніжкамі выйшлі апавяданні “Як Казюк сабраўся да споведзі”, “Казюкова жанімства”, “Адам і Анэлька”, вершаваныя апавяданні “Як Гануля збіралася ў Аргенціну” і “Гануліны клопаты”, казка “Канёк-Гарбунок”, паэма “Унія на Палессі”, “Батлейка”, зборнік вершаў “Беларускія цымбалы”, аповесць “Хлапец”.

Шырокую вядомасць на Захадзе атрымалі лагерныя ўспаміны Язэпа Германовіча “Кітай-Сібір-Масква”. Кніга была выдадзеная ў 1962 годзе ў Мюнхене і перакладзеная на дзесятак моваў.

У Беларусі творы пісьменніка-святара доў­гі час не выдаваліся, а імя яго не згадвалася ні ў падручніках, ні ў даведніках. І дарэм­на. Жыццё Язэпа Герма­новіча, поўнае прыгод і выпрабаванняў, можа стаць прыкладам служэння роднай зямлі і яе мове, людзям, хрысціянству.

У 1990-я гады беларускія выданні пачалі друкаваць ўрыўкі з яго ўспамінаў і асобныя вершы. I толькі ў 2003 годзе грамадскасць Беларусі ўпершыню змагла пазнаёміцца з самым буйным яго творам — лагернымі ўспамінамі “Кітай-Сібір-Масква”, якія былі надрукаваныя ў Санкт-Пецярбургскім выдавецтве “Неўскі прасцяг”.

Як адзначаюць беларускія крытыкі, у творчасці Вінцука Адважнага моцна адчуваецца ўплыў Францішка Багушэвіча. У яго творах шмат шчырасці, духоўнай чысціні і ўзнёсласці. Яны адзначаныя беларускім патрыятызмам і гумарам.

Рана застаўшыся без бацькі, Язэп Германовіч здолеў скончыць школу ў Гальшанах, працягваў вучобу ў Ашмянах, потым паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Гады вучобы ў семінарыі аказалі значны ўплыў на фарміраванне асобы пісьменніка. Гэта быў час беларускага адраджэнскага руху пасля рэвалюцыі 1905 года.

Акрамя Германовіча, студэнтамі-клерыкамі духоўнай семінарыі ў той час былі вядомыя людзі Вінцэнт Гадлеўскі, Язэп Рэшаць, Адам Станкевіч, Канстанцін Стаповіч, Андрэй Цікота, Віктар Шутовіч. Іх намаганнямі ў семінарыі быў створаны беларускі гурток з бібліятэкай.

Віленскі часопіс “Крыніца” надрукаваў першы артыкул Германовіча “Хто мы?” у 1919 годзе пад псеўданімам «Хлопчык з-пад Горадні». Першы ж вопыт прынёс і першы поспех. Вядомы беларускі пісьменнік і літаратурны крытык Максім Гарэцкі сказаў яму пры сустрэчы: «Ксёндз, ты мусіш пісаць! Грэх, калі не будзеш!» Такая падтрымка стала добрым стымулам для далейшай літаратурнай работы святара.

Сваю духоўную дзейнасць Германовіч пачынаў у 1913 годзе на Беласточчыне, затым працаваў пад Ваўкавыскам і на Слонімшчыне.

У гэты час ён шмат піша – артыкулы і творы для «Хрысьціянскай думкі», «Крыніцы». За сваю беларускую мову, на якой вёў службы, за перакананні і патрыятычныя пропаведзі ён цярпеў ганенні ад царкоўных і свецкіх уладаў.

У 1924 годзе Язэп Германовіч уступіў у Закон Айцоў Марыянаў, якія ў той час заснавалі беларускі кляштар у Друі: працаваў пробашчам у друйскай парафіі, выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў гімназіі. З 1932 года Германовіч працуе місіянерам сярод каталікоў у кітайскім Харбіне. Гэты перыяд жыцця пісьменнік адлюстраваў ў нататках «На Далёкі Ўсход». У 1932 годзе Вінцук Адважны прысвяціў паэму «Унія на Палессі» выдатнаму святару альпенскай уніяцкай парафіі Вячаславу Аношку. Адзіны вядомы экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук.

Непрывычны для еўрапейца кітайскі клімат вымусіў місіянера ў 1935 годзе паехаць на лячэнне ў Марсэль. А потым ён зноў вярнуўся на радзіму. Кароткі час працаваў у Вільні, але ў 1938 годзе Язэп Германовіч і ўсе семінарысты-беларусы з Дома марыянаў у Вільні былі прымусова выселеныя польскімі ўладамі ў Цэнтральную Польшчу.

Праз год ён зноў адправіўся місіянерам у Харбін. У кнізе ўспамінаў Язэп Германовіч узгадвае, як спецслужбы арыштавалі місіянераў: “22 снежня 1948 года а шостай гадзіне вечара ў Ліцэй св. Мікалая ў Харбіне ўвалілася цэлая група кітайскіх міліцыянераў, схапілі ўсіх пяцярых святароў, не даўшы ім нават апрануцца і ўзяць шапкі… надзелі ім кайданы і павезлі ў турму”. Германовіч быў перададзены савецкім уладам і прыгавораны да 25 гадоў лагераў.

Цяжкімі і доўгімі падаліся яму шэсць з паловай гадоў, якія ён правёў у сібірскіх лагерах. Пасля смерці Сталіна быў вызвалены.

Зноў звернемся да яго твора «Кітай-Сібір-Масква»: “Калі вызвалялі нас з лагера, начальнікі патрабавалі падаць жаданае месца далейшага пражывання. Я адказаў: як беларус і каталіцкі святар жадаю вярнуцца на Беларусь і працягваць душпастырскую працу». Начальнік з гэтым не пагадзіўся: «О, в Белоруссии таких не надо. У тебя гражданство польское, вот поэтому мы тебя отправим в Польшу».

Зноў пачалося жыццё эмігранта. На сваёй радзіме пісьменнік не пабудзе больш ніколі.

З 1955 года ён вымушаны жыць у Польшчы, а ў канцы 1959 года змог перабрацца ў Рым, пабываў у ЗША, а затым да самай смерці жыве ў Лондане і рэдагуе беларускі часопіс «Божым Шляхам».

У эміграцыі Вінцук Адважны напісаў шмат баек, зрабіў нямала перакладаў з Крылова, Красіцкага, іншых вядомых аўтараў. У Лондане выйшлі паэма «Князь і Лапаць», «Байкі і іншыя вершы», а ў Мюнхене – «Прыповесці паводле Евангелля Мацвея-Марка-Лукі-Яна».

Беларускі пісьменнік памёр 26 снежня 1978 года і пахаваны на могілках святога Панкрата ў Лондане.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.