Форвард ФК “Маладзечна” Аляксандр Грыхуцік пасля хваробы набірае форму.

“У нас да каманды няма прэтэнзій па кантролю мяча, – сказаў пасля гульні ў інтэрв’ю “РГ” трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк. – Іншая справа, што кантроль кантролем, а вынік матча – гэта лічбы на табло пасля фінальнага свістка”.

Два галы мы прапусцілі ў першым тайме на 26 і 29 хвілінах. Трэці гол уляцеў у нашы вароты ў другой палове сустрэчы, на 70 хвіліне. Па словах Віталя Казяка, нягледзячы на паражэнне з буйным лікам, трэнерскі штаб задаволены зместам гульні сваіх падапечных.

У адрозненне ад папярэдняй сустрэчы з “Гарадзеяй”, са СКВІЧам, былым мінскім “Лакаматывам”, у нас з’явіліся галявыя моманты, і гэта не можа не радаваць. Пасля хваробы форму набірае Аляксандр Грыхуцік. У першым тайме вопытны форвард меў тры моманты, у адным з іх праверыўшы на трываласць перакладзіну варот саперніка.

Мог у гульні забіць таксама Антон Капцюг. Трэнер адзначае: Антону, магчыма, пакуль што крыху не хапае жадання ўдасканальваць сваё майстэрства. Больш старання на трэніроўках – і з праблемамі ў нападзенні мы б справіліся.

Увогуле, каб усё створанае ў гульні з мінчанамі рэалізавалі, лік на табло мог быць зусім іншым. Гульня з моцным сапернікам, які мінулы сезон скончыў на пятым месцы ў першай лізе, была ў нас нядрэнная. І ўсё ж, 0:3 ёсць 0:3…

Цяпер у трох спарынгавых матчах маем тры паражэнні. З агульнай колькасцю забітых і прапушчаных мячоў 3:11. Віталь Казяк адмаўляе, што каманда перад сезонам спецыяльна недапрацоўвае ў спарынгах, маскіруючы перад сапернікам сваю рэальную моц. Па словах трэнера, у нас не той узровень, каб маскіравацца. Ды і з якой мэтай? Наадварот, трэнерам хацелася б убачыць у выкананні гульцоў футбол лепшай якасці.

Каманда працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату. Ужо ў гэтыя выхадныя збіраліся ехаць на гульню ў Слонім да “Камунальніка”, замест гэтага ездзілі ў Мінск да СКВІЧа. Магчыма, Слонім наведаем у бліжэйшыя выхадныя. Але зноў жа, калі поле там будзе падрыхтаванае да гульні. “Камунальнік” гуляе не на штучным, а на натуральным газоне, і маразы, якія вярнуліся, могуць не дазволіць падрыхтаваць паляну.

“Што ж, калі так, будзем трэніравацца самі. Да таго ж у пятніцу і суботу выступім на фінале чэмпіянату Мінскай вобласць па міні-футболе. А калі Слонім гатовы будзе нас прыняць, паедзем туды ў нядзелю”, – сказаў Віталь Казяк.

Фінальныя гульні чэмпіянату Мінскай вобласці па міні-футболе пройдуць 12-13 сакавіка ў спартзале завода металічных канструкцый. Нашымі сапернікамі будуць каманды Старадарожскага раёна, “Слуцкцукар” Слуцкага раёна, каманда ТАА “Здравушка” Барысаўскага раёна і каманда горада Жодзіна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.