Горад і вёска, стары і малы, чакаюць яго з нецярпеннем. Падрыхтоўка да Калядаў пачынаецца ў многіх сем’ях з першага тыдня посту і заканчваецца куццёй – днём напярэдадні свята.

Каляды – вельмі старадаўняе паганскае свята, звязанае з зімовым сонцастаяннем, з нараджэннем ідала Дажбога. У нашых продкаў лічылася, што абуджэнне яго значыць паварот да вясны.

Першы дзень святочных мерапрыемстваў – 24 снежня (па праваслаўным календары – 6 студзеня), калі продкі сустракалі Каляду – Боскую Маці Сонца. Як толькі заходзіла сонца, уся сям’я апраналася па-святочнаму. Стол засцілалі сенам і накрывалі белым абрусам.

Уся ежа на першую куццю павінна была быць поснай, а калі і запраўлялі што, дык толькі канапляным альбо сланечнікавым алеем. Вячэраць пачыналі са з’яўленнем на небе першай вячэрняй зоркі і абавязкова папярэдне запаліўшы на куце свечку і памаліўшыся Богу.

На наступны дзень святкавалі непасрэдна Каляды ў цесным сямейным асяроддзі. Бывала, што запрашалі і гасцей. З гэтага дня пачыналі хадзіць калядоўшчыкі – невялікія групкі маладых людзей, якія спявалі калядныя песні, праслаўлялі святы вечар і гаспадароў, а тыя стараліся пачаставаць гасцей чым-небудзь смачным. Першым звычайна ішоў Зарканоша. За ім – Каза, апрануты ў кажух юнак – галоўная дзеючая асоба свята.

Усю гэтую вясёлую кампанію, што прыйшла павіншаваць гаспадароў са святам, мы бачым і на малюнку Анатоля Капцюга. “Сям’я сустракае іх з радасцю, – расказвае дырэктар школкі, – на парозе шырока расчыненых дзвярэй – гаспадар і гаспадыня. Яны чакалі калядоўшчыкаў. Загадзя падрыхтаваліся да іх прыходу. Гаспадар трымае ў руках пляшку, гаспадыня – круг смачнай сялянскай кілбасы і кавалак сала, якія праз нейкі час апынуцца ў Механошы. На малюнку ён апошні. Ідзе цяжка, прыгнуўшыся. Яно і не жартачкі, столькі хат абышлі і кожны палічыў сваім доўгам штосьці пакласці ў вялікі мяшок”.

З даўніх часоў хаджэнне калядоўшчыкаў мела магічны сэнс. Праз падобныя рытуалы, як лічылі продкі, можна заручыцца падтрымкай багоў на ўвесь будучы год. Калядоўшчыкі як бы выконвалі функцыянальную ролю паміж Богам і чалавекам. Услаўляючы таго ці іншага гаспадара, яны зычылі яму багацця, здароўя, дабрабыту.

Ой, добры вечар, пане гаспадару!..

Надзень шубку, выйдзі на вулку,

Стань, паслухай, што ў небе гудзе,

Што ў небе гудзе, прачыстая ідзе,

Прачыстая ідзе, тры радасці нясе:

Першая радасць – у тваім доме,

Другая радасць – у тваёй аборы,

Трэцяя радасць – у чыстым полі.

У тваім доме – дробныя дзеткі,

У тваёй аборы – валы, каровы,

У чыстым полі – буйна жыта…

Пелі і гаспадыні. Таксама ўслаўляючы і праслаўляючы яе.

Асаблівая ўвага надзялялася Казе. Лічылася, што з дапамогай гэтай жывёліны можна выгнаць з двара “нячысцікаў”, а таксама разлічваць на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і плённы здабытак ураджаю з сялянскай нівы. Бачыце, на сваім малюнку дырэктар школкі дзядзька Капцюг так і напісаў: “Дзе каза хвастом, там жыта кустом, дзе каза рогам, там жыта стогам, дзе каза нагой, там жыта капой, а дзе каза топ-топ – там жыта сем коп”.

“Дзяцінства маё прайшло ў бабулі Агаты на хутары, – успамінае Анатоль Капцюг. – Яна жыла па праваслаўных канонах. Таму ў доме заўсёды адзначалі святы. З дзяцінства памятаю драўляны стол, на які перад куццёй раскладвалі духмянае сена, а зверху пакрывалі саматканым настольнікам, стравы на ім: грыбкі, салёныя агуркі і памідоры, аўсяны кісель, селядцы, каша, мак. Дзед падыходзіў да акна, стукаў, клікаў мароза куццю есці. Пасля ўсёй сям’ёй садзіліся за стол вячэраць.

Змалку помніцца і святкаванне яшчэ аднаго, не менш важнага для нас свята – Вялікадня. Але пра гэта мы з вамі пагаворым на наступным уроку”.

Падрыхтавала Марына СЛІЖ.