1. Карусель “Calipso”
2. Карусель “Калабок”
3. Атракцыён “Задыяк”
4. Карусель “Вальс”
5. Ланцуговая карусель
6. Атракцыён дзіцячы “Вежа свабоднага падзення”
7. Дзіцячая чыгунка
8. Кола агляду
9 Дзіцячая карусель

Па словах дырэктара парку культуры і адпачынку Аляксандра Фалея, ужо ёсць інвестары, гатовыя супрацоўнічаць і ўкладаць грошы ў развіццё некаторых аб’ектаў.

У ідэале плануецца

Канцэпцыя развіцця прадугледжвае падзел парку на пяць асноўных сектараў: актыўны, культурны, спартыўны, урачысты і тэрыторыя атракцыёнаў. Назвы ўмоўныя, характарызуюць тып паслугаў, якія там будуць аказвацца.

Сектар 1 – “Тэрыторыя атракцыёнаў”. Размесціцца там жа, дзе і была раней. Распрацоўшчыкі прапануюць усталяваць тут дзевяць атракцыёнаў: каруселі “Калабок”, “Вальс”, “Calipso”, атракцыён “Задыяк”, вежу свабоднага падзення, міні-карусель і чыгунку “Рыо Грандэ”, кола агляду вышынёй 28 метраў (прыкладна адпавядае восьмаму паверху шматпавярховага дома) і ланцуговая карусель для ўсёй сям’і.

Самы танны з названых – карусель “Вальс” – каштуе каля 210 мільёнаў рублёў. Самы дарагі – кола агляду – каля 2 мільярдаў 600 мільёнаў рублёў. Дырэктар парку Аляксандр Фалей лічыць, што гэтыя ўкладанні з улікам сезоннасці працы акупяцца на працягу пяці гадоў.

Дзіцячая гульнявая пляцоўка з горкамі і арэлямі захаваецца. Але яна патрабуе мадэрнізацыі.

Сектар 2 – “Актыўны”. Маецца на ўвазе уладкаванне закінутай танцпляцоўкі для актыўнага адпачынку ў закрытым памяшканні: штучны каток, пляцоўкі для рухавых гульняў, катання на роліках і скейтах, гульнявыя аўтаматы, у тым ліку танцавальныя машыны, пункт пракату спартыўнага рыштунку. Тут жа плануюць размясціць кафэ сямейнага тыпу, меню ў якім улічвала б густ дзяцей. Распрацоўшчыкі разлічваюць на высокую рэнтабельнасць і хуткую акупляльнасць гэтага комплексу. Ён будзе крыты, таму ад умоваў надвор’я не залежыць і зможа працаваць круглы год ад 9 да 22 гадзін.

“Гэты будынак толькі на малюнку выглядае дорага. Насамрэч гэта значна дзешавей, чым здаецца – шкло, пластык. Гэта ж не новы будынак узводзіць: дакументацыя ўжо ёсць і камунікацыі падведзеныя”, – патлумачыў Аляксандр Фалей.

Сектар 3 – “Культурны”. Размесціцца ў цэнтры парку, у зоне сцэны і амфітэатра. Функцыі тыя ж, што і цяпер, – канцэрты, народныя гулянні і іншыя масавыя мерапрыемствы пад адкрытым небам.

Сектар 4 – “Спартыўны”. Зойме кут парку паміж вуліцамі Машэрава і Вялікім Гасцінцам, будзе прылягаць да “Актыўнага”. Сектар, як і вынікае з назвы, прызначаны для заняткаў спортам на свежым паветры. Тут плануюць зрабіць поле для міні-футбола, пляцоўку для валейбола, тэнісныя корты, пляцоўку для дрэсіроўкі сабак, пракласці лыжа-ролерныя і лыжныя трасы, а таксама трасы для катання на квадрацыклах.

Сектар 5 – “Урачысты” – цэнтральны ўваход у парк. Як мінімум, аўтары канцэпцыі хацелі б зрабіць тут аўтамабільную стаянку для вясельных картэжаў. Усё роўна вадзіцелі заязджаюць на тратуар і ставяць свае машыны ля ўваходу. Стаянка дазволіць рабіць гэта законна і спакойна чакаць, пакуль маладыя і госці ўскладуць кветкі да помніка і пафатаграфуюцца.

Жорсткая рэальнасць

Па словах Аляксандра Фалея, улетку кіраўніцтва парку сабрала 200 подпісаў маладзечанцаў, якія хацелі б мець у горадзе сучасны парк, хаця б 50% ад таго, што запланавалі аўтары канцэпцыі. Але падчас яе рэалізацыі праблемы могуць узнікнуць не толькі з фінансамі. Розныя часткі парку належаць розным дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам. А ўласнік танцпляцоўкі, якая павінна стаць комплексам для актыўнага адпачынку і забаваў, – прыватнае прадпрыемства, у якога свае планы на гэтае збудаванне.

Канцэпцыя развіцця – папярэднія планы, з якімі кіраўніцтва раёна толькі пазнаёмілася, але не зацвердзіла. Як адзначыла ў інтэрв’ю “РГ” па тэлефоне намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама па эканоміцы, фінансах і прамысловасці Наталля Нікіценка, гэта толькі прапановы, пакладзеныя на паперу. “Гэта вельмі дарагі праект, разлічаны з-за свайго кошту на доўгую перспектыву. Гаварыць аб яго рэалізацыі яшчэ вельмі-вельмі рана”, – сказала яна.

Дырэктар парку Аляксандр Фалей згодны, што працэс рэалізацыі канцэпцыі вельмі доўгі, але разлічвае на дапамогу раённых уладаў і структур, а таксама на цікавасць інвестараў. “Мы гатовыя выслухаць усе прапановы, даць адказы на пытанні і будзем рады знайсці інвестараў”, – адзначыў ён.

Святлана ЦІШКО.