У апошні дзень зімы, 28 лютага, вілейскі краязнаўца Анатоль Рогач напісаў мне ліст, у якім кораценька расказаў пра сваю паездку ў Літву.
Па даце штэмпеля на канверце бачна, што адправіўся ён з Вілейкі ў Смаргонь 03.03.2010 г., у дзень смерці Анатоля Валянцінавіча. Гэты трагічны дзень стаў той мяжой, па якой ўжо нельга аддзячыць асабіста аўтара за дасланыя звесткі:

 “Валодзя, прыві­танне!

Вярнуўся з Літвы, ездзіў у архіў і бібліятэку Акадэміі навук, вярнуўся ў суботу, бачу твой ліст з просьбай. Таму адразу адказваю.

Знайшоў матэрыял аб Люцыяне Жалігоўскім яшчэ 11 ліпеня 2006 года. Ты аб гэтым добра ведаеш. Вось выпіска аб народжаных 1865 года з Метрычнай кнігі Ашмянскага, Сольскага, Жупранскага і іншых касцёлаў. Яны збрашураваныя ў адной кніжцы:

“Ф.920, воп.1, спр. 29, аркушы 167 – 168.

5 октября 1865 года крестили младенца по имени Люциан Мечислав Рафал Дворян Густава и Владиславы ( урождённой Трацевской ) Желиговичев. Сын родился 19 сентября 1865 года в фольварке Переходах. Крестил преподобный отец Иоан Рымович”.

Вось і ўсё. Нават дакладную дату нараджэння я нідзе не сустракаў у літаратуры і гістарычных дакументах. Так што перапраўляй.

З павагай Анатоль. 28.02.2010 г.”

У гэтых радках адчуваецца яго звычайнае памкненне не толькі знайсці новыя звесткі па гістарычнай спадчыне роднага краю, але і трывала зафіксаваць іх у памяці нашчадкаў.

Словы лістоў ру­плівага і апантанага вілейскага краязнаўцы, добрага чалавека ў паўсядзённым жыцці заўсёды краналі сваёй дакладнасцю, кругаглядам і шчырасцю.

Такім ён запомніўся пры нашых сустрэчах на розных краязнаўчых канферэнцыях, на святах у Заброддзі ці проста пры сумесных вандроўках па нашым любым краі. Такім яго памятаюць многія смаргонскія і ашмянскія краязнаўцы, яго сябры па даследаваннях са сталіцы.

Не толькі вілейскія ваколіцы былі ў полі зроку яго пошукаў, многія мясціны і людзі суседніх з Вілейкай раёнаў знаходзілі адлюстраванне ў краязнаўчых працах Анатоля Рогача, паралельна выпісваліся такія звесткі з архіўных спраў для калег з памежных раёнаў.

Ёсць лацінскае выслоўе, якое трапна падкрэслівае правілы жыцця і дзейнасці Анатоля Валянцінавіча Рогача. Жыццё кароткае – Айчына вечная!

Таму ён штодзённа спяшаўся зрабіць як мага больш для кожнага з нас паасобку і цалкам для ўсіх разам. Калі у нашай Айчыны быў такі адданы сын, то і памяць пра яго будзе вечнай!

Уладзімір ПРЫХАЧ, Смаргонь.

Злева направа Анатоль Рогач, Уладзімір Прыхач і Анатоль Капцюг. 2006 год. Смаргонскі раён.

Злева направа Анатоль Рогач, Уладзімір Прыхач і Анатоль Капцюг. 2006 год. Смаргонскі раён.