“Сёння яшчэ нямнога народу: людзі, напэўна, думаюць, што каткі ўжо не дзейнічаюць, – тлумачыць старшы трэнер аддзялення гарадошнага спорту КДЮСШ прафсаюзаў Аляксандр Кулак. – Так, сонца ўжо актыўнае – лёд растае. Але ўвечары і ноччу па-ранейшаму падмарожвае”.

Усю зіму тут працавалі дзве лядовыя пляцоўкі. Кожныя выхадныя, а калі-нікалі і ўвечары пасярод тыдня тут трэніраваліся хакеісты. Дарослыя людзі, у кожнага ёсць работа ці свой бізнэс, сям’я, але вольны час яны праводзяць на катку. “Натуральна, можна было б дома на канапе піўка папіць, але мы хочам быць здаровымі і жыць доўга”, – паўжартам расказваюць яны пра сваё захапленне. Жарты жартамі, але былі дні, калі на катку збіралася па тры каманды – 18 чалавек. Асабліва заўзятыя – Уладзімір Сянько, Сяргей Траццяк, Валеры Танчэўскі, Дзмітры Душкевіч, Юры Сівіцкі, варатар Андрэй Байлукоў – увесь сезон ездзілі ў Мінск, гулялі ўначы з такімі ж аматарскімі камандамі. “А ўдзень там дорага ды проста не прабіцца, – тлумачыць Дзмітры Душкевіч. – Спачатку нам было цяжка цягацца з сапернікамі, а пасля мы нават сталі выйграваць у некаторых”. Якраз у ноч на 14 сакавіка маладзечанцы выйгралі ў адной з мінскіх камандаў 25:18.

На другой лядовай пляцоўцы гарадошнага стадыёна хуткасці меншыя – тут катаюцца падлеткі, дзеці з бацькамі. Адны вучацца стаяць на каньках, іншыя аднаўляюць колішнія навыкі. Аляксандр Бяляўскі з сям’ёй усю зіму хадзіў на каток. Сам на каньках не стаяў гадоў 30, ад заканчэння ўніверсітэта. Сюды прывёў сына, але выйшаў на лёд і сам. І цяпер ужо ў яго добра атрымоўваецца, спрабуе нават слізгаць спіной уперад.

Некаторыя наведнікі катка жывуць у іншым мікрараёне, але ўпадабалі менавіта гарадошны стадыён. Напрыклад, Ігар і Святлана Бажко і іх сыны Саша і Павел дабіраюцца сюды з вуліцы Міру. Нават 8 Сакавіка яны адпачывалі на катку.

Рабочых для догляду за лядовымі пляцоўкамі ў КДЮСШ няма. Але ў гэтым трэнерам і вартаўнікам дапамагалі спартсмены-гарадошнікі Дзяніс Крук, Валеры Заянчкоўскі, Віктар Гарачкін, Яўген Уладыка, Іван Шабан, Аляксей Патрэбка, Антон Драздовіч, Аляксей Буракоўскі, Пётр Віткоўскі і Валеры Толкач.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.