Здарэнне адбылося позна вечарам у суботу каля вёскі Лебедзева.

Міліцыянер-кінолаг Яўген Мішурко расказаў у інтэрв’ю “РГ”: разам з міліцыянерам-вадзіцелем Алегам Туровічам яны на патрульнай машыне рухаліся па вуліцы Партызанскай у бок Грамадоўскай. На перакрыжаванні ўбачылі “Фольксваген-Гольф”, які ехаў ад бардзюра да бардзюра, перыядычна выязджаючы на паласу сустрэчнага руху.

Павярнулі на вуліцу Буйніцкага. Каля 23 гадзін 40 хвілін супрацоўнікі аддзела Дэпартамента аховы ўключылі сірэну і па рупары запатрабавалі вадзіцелю спыніцца. Кіроўца не падпарадкаваўся і пачаў уцякаць. Яўген Мішурко расказвае, што шафёр парушаў правілы дарожнага руху, праязджаў на чырвонае святло святлафора. Потым павярнуў на Вялікі Гасцінец і паехаў у бок Насілава.

Міліцыянеры праследавалі “Фольксваген”, які ствараў рэальную пагрозу іншаму транспарту і пешаходам. Выехалі з горада, праехалі Насілава і Дамашы. Парушальнік працягваў ігнараваць патрабаванні спыніцца. На пад’ездзе да Лебедзева Яўген прыняў рашэнне прымяніць табельную зброю. З аўтамата Калашнікава ён спачатку зрабіў тры папераджальныя выстралы ў паветра, пасля – два прыцэльныя выстралы па колах аўтамабіля.

Кулі прабілі колы, “Фольксваген” спыніўся. У машыне, акрамя вадзіцеля, былі пасажыры – два хлопцы і дзве дзяўчыны. Падчас затрымання супраціўлення яны не аказвалі. Па словах Яўгена, маладыя людзі з цяжкасцю разумелі, што адбываецца ўвогуле.

Яўген Мішурко і Алег Туровіч выклікалі работнікаў дзяржаўтаінспекцыі. Бліжэйшая машына ДАІ знаходзілася ў вёсцы Хажова. Інспектар дарожна-паставой службы Дзмітры Стасюлевіч паведаміў “РГ”: за рулём “Фольксвагена” быў п’яны 29-гадовы жыхар Смаргоні, які не мае правоў кіравання.

Цяпер на яго складзеныя пратаколы па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яго абвінавачваюць у кіраванні аўтамабілем без правоў у стане алкагольнага ап’янення, а таксама ў неаднаразовым невыкананні патрабаванняў работнікаў міліцыі спыніцца.

Намеснік начальніка Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Васількоў расказаў карэспандэнту “РГ”:

– Калі пасля складання пратаколаў п’янага вадзіцеля, які паводзіў сябе развязна, адпускалі, я спытаў у яго: ну, што, адрэналіну захацелася?

– Эх, чалавеча, не ведаеш ты яшчэ, што такое адрэналін, – быў адказ…

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Дзмітрыя СТАСЮЛЕВІЧА.