У пачатку тыдня ў Вілейцы прайшлі моцныя снегапады. Вышыня снегавога покрыва складала 40 см, што на 22 см больш, чым у Ашмянскім раёне.

Вілейскі раён у пачатку тыдня заваліла снегам. У суседніх раёнах ападкаў на парадак меней.
Моцны снегапад у Вілейцы прайшоў у панядзелак, 15 сакавіка. Вышыня снегавога покрыва 16 сакавіка складала 40 см. Начальнік метэастанцыі Вячаслаў Лапко паведаміў у інтэрв’ю “РГ”, што за тры гадзіны ў панядзелак выпала 7,6 мм ападкаў, а за суткі – 9,2 мм. Гэта вельмі многа для сярэдзіны сакавіка: дэкадная норма – 11 мм. У ноч на 17 сакавіка зноў пайшоў снег – яшчэ 4,6 мм ападкаў.

У Ашмянскім раёне ападкаў было ўтрая меней. Па звестках ашмянскай метэастанцыі за панядзелак выпала 3,6 мм, за аўторак – 2,2 мм, за сераду – 3,1 мм. Вышыня снегавога покрыва 18 сакавіка складала 18 см.
Вячаслаў Лапко адзначыў таксама вялікія снегазапасы ў водазаборным басейне Вілейскага вадасховішча – 92-95 мм. “Паводле прагнозаў, у выхадныя дні чакаецца каля +8 градусаў. Калі ўвесь гэты снег пачне хутка раставаць, а прамерзлая глеба яго не ўбярэ ў сябе, то вельмі верагодная паводка. Але, каб спрагназаваць дакладна, трэба ўлічыць шмат фактараў”, – сказаў ён.

Начальнік вілейскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Паторскі 17 сакавіка запэўніў у інтэрв’ю “РГ”, што сітуацыя пад кантролем. “Што будзе заўтра, невядома – усё залежыць ад прыроды, ад метэаралагічных умоў. Будзе падмарожваць – нічога страшнага не здарыцца. Я быў на вадасховішчы – пакуль што сітуацыя стабільная, падставаў для аўралу няма”, – адзначыў ён.

У смаргонскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях паведамілі 18 сакавіка, што паводкі няма. Больш за тое, у параўнанні з 23 лютага, калі падтапіла агароды ў Завеллі, узровень вады ў Віліі знізіўся на метр.
І па звестках ашмянскага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пагрозы паводкі пакуль што няма.
У сераду, 17 сакавіка, адбылася спецыяльная нарада ў Вілейскім райвыканкаме. Старшыня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сталыга сказаў у інтэрв’ю “РГ”, што, паводле прагнозаў, паводка магчымая на наступным тыдні. “Мы будзем старацца папярэдзіць падтапленні дачных участкаў у Маладзечанскім раёне”, – запэўніў ён.

Святлана ЦІШКО.

Фота Ігара МАРОЗА.