Бойка за здабычу.

У гняздзе яго чакае самка. Груган паляціць туды са здабычай у дзюбе.

Разборкі ў груганоў.

Беркут.

Сарыч на прынадзе.

Так працуе экасістэма: нежывы драпежнік – ежа.

Размясціўшы прынаду на ўскрайку вёскі, ставім побач будан з яловых лапак. Чым шчыльней ён будзе зроблены, тым менш будуць яго баяцца наведнікі. Задняя сцяна наогул павінна быць як мага больш шчыльнай, каб на прасвет не былі бачныя рухі. Бо на прынаду могуць прыляцець такія асцярожныя птушкі, як груган, сарока, канюк, варона шэрая, сойкі, а калі справа ідзе да вясны, то і пералётныя птушкі – беркут, арлан-белахвост, падорлік і іншыя.

Абжываць будан лепш з раніцы, каб менш насцярожваць птушак. Садзіцца трэба зручна, а калі халоднае надвор’е, то на ногі лепш за ўсё адзець цёплыя валёнкі, на плечы – бушлат, а ў сумку пакласці тэрмас з гарачым чаем і бутэрброды. Сядзець давядзецца палову дня, а можа, і больш. Але тое, што вы ўбачыце, гэтага варта.

У птушак, як і ва ўсіх жывёл, існуе свая іерархія. Вось прыляцелі два груганы і вядуць сябе дастаткова агрэсіўна. І калі адзін з іх, распушыўшы пер’е, кідаецца на другога, то адразу бачна, каму дастануцца самыя лепшыя кавалачкі. Больш слабы будзе падкрадвацца да прынады то бокам, то задам, гатовы ў любую хвіліну падняцца ў паветра, уцячы. Тое ж адбываецца паміж прадстаўнікамі розных відаў. Канюк ганяе груганоў. Але калі іх прыляцела некалькі, то ўжо не здабраваць канюку. Гэта банда абавязкова згоніць яго з цёплага месца. Такі закон прыроды, і месца пад сонцам дастанецца мацнейшаму.

Практычна заўсёды можна назіраць цікавыя сцэны з жыцця птушак. Вось груган пакарміўся на прынадзе, але перад тым, як паляцець, набраў поўную дзюбу мяса. Ведаючы біялогію гэтай птушкі, не цяжка здагадацца, што цяпер пачатак вясны і самка сядзіць на кладцы, а самец носіць ёй корм прама ў гняздо, каб там пакарміць. Цяпер яна ў такім становішчы, што не пакажаш, дзе ляжыць корм. Для гэтага і час вываду птушанят яны выбралі такі. Пры сходзе снегу адкрываецца шмат загінуўшых за зіму жывёл, а вароны ў лесе – першыя санітары.

Цікавыя моманты давялося назіраць у Палескім радыелагічным заказніку. Першымі да астанкаў дзіка, на якога напалі ваўкі, прыляцелі ў змроку вароны. Зрабіўшы некалькі кругоў, яны рассаджваліся на прынадах па кругу і ўважліва ўсё аглядалі. Наша сховішча знаходзілася ў напалову разбураным хлеўчуку, у якім мы загадзя пазатыкалі ўсе дзіркі. Некаторыя груганы садзіліся на дах хлеўчука і хадзілі па самым краі, стараючыся зазірнуць праз якую-небудзь шчылінку ўнутр, выявіць небяспеку. Магчыма, іх прыцягваў і адначасова насцярожваў бляск лінзы аб’ектыву. Не выключана, што рабілі яны стаўку яшчэ і на органы нюху. І ўсё гэта пры тым, што для таго, каб схавацца, мы прыязджалі на прываду за гадзіну да світання. Аўтамабіль заганялі ў кінуты збожжасклад, а самі яшчэ каля кіламетра ішлі да прынады пешшу.

Калі гэтыя птушкі, а іх збіралася да 30-40 асобінаў, у рэшце рэшт наядаліся, з’яўляліся іншыя ўдзельнікі балю: арланы-белахвосты і беркуты. Да прынады яны падыходзілі пешшу, метраў на 50 да гэтага падляцеўшы. Зрок у іх выключны, і агледзеўшы ўсю мясцовасць, яны толькі пасля гэтага прыбліжаліся да прынады і пачыналі сілкаванне.

Іх адносіны паміж сабой таксама нельга было назваць мірнымі: арлан-белахвост увесь час адганяў ад больш ласых частак тушы маладога беркута, якому ўдавалася ўхапіць кавалачак-другі толькі ля краю тушы дзіка. А вось вароны чакалі сваёй чаргі ўбаку, сачылі, калі наядуцца гэтыя гіганты і ім таксама можна будзе падсілкавацца. А вось сарокі не зявалі. З-пад самай дзюбы выхоплівалі кавалкі мяса і з імі адразу ж хаваліся ў кустах, пацвярджаючы сваю назву зладзеек. Магчыма, у іншай абстаноўцы вароны і сарокі з’яўляліся б аб’ектам харчавання таго ж беркута, але, сытыя, яны не нападалі на птушак.

І толькі пасля гэтага да прынады падыходзілі самыя асцярожныя птушкі – дарослыя асобіны арлана-белахвоста. На трэція суткі ад дзіка засталіся толькі вялікія косткі. Па законе прыроды дарэмна ў ёй нічога не павінна прапасці, а толькі прадоўжыць бясконцы ланцужок кругазвароту.

Віктар КАЗЛОЎСКІ.

Фота  аўтара.

Гэтага ж аўтара:

За белымі чаплямі

Жывёлы ў зоне забруджання

Каб зрабіць фота, трэба зліцца са снегам

Прыгажосць праз аб’ектыў

Пра Віктара Казлоўска:

Выстрал, што нараджае прыгажосць