Архіўны матэрыял. Апублікаваны 27 сакавіка 2009 года.

22 сакавіка 2009 г. мы правялі ў апошні шлях Віталя Міхайлавіча Кастэнку. У яго жыцці былі сотні сапраўдных шляхоў, сотні турыстычных і краязнаўчых маршрутаў.


Віталь Кастэнка – сапраўдны інтэлігент, хаця і без вышэйшай адукацыі. Ён марыў стаць лётчыкам, у ім заўжды было імкненне расшырыць гарызонты. Ён быў рамантыкам, летуценнікам і вялікім дзіцем, з неўтаймаваным імкненнем пазнаваць жыццё. І ён стараўся далучыць да свету рамантыкі як мага больш людзей – ці гэта былі яго калегі, знаёмцы, сябры, дзеці.

Людзі ад яго заражаліся прагай жыцця. Напрыклад, арандаваў аўтобус, збіраў кампанію і выязджаў туды, дзе было цікава: то ў Лагойск да музейных работнікаў, то ў Наваградак на рыцарскі турнір, то ў Полацк на свята славянскага пісьменства, то пад Барысаў на гістарычную рэканструкцыю пераправы войскаў Напалеона праз Бярэзіну, то ў Люцынку на святкаванне 200-годдзя Дуніна-Марцінкевіча, то да сакральных камянёў-капішчаў. Ён напаўняў жыццём Ходзькаўскія чытанні.

Прайшоўшы турыстам уздоўж-упоперак увесь наш рэгіён, ён міжволі стаў займацца краязнаўствам, гісторыяй Вілейшчыны, Мядзельшчыны, Ашмяншчыны, Смаргоншчыны і Астравеччыны.

Беларусь стала для яго другой радзімай. Украінец, ён так прасякнуўся гісторыяй нашага краю, што ўсе буклеты, артыкулы стараўся публікаваць на беларускай мове, стаўшы яе вывучаць бліжэй да 50 гадоў, у часы Адраджэння нацыянальнай свядомасці ў 90-я гады. Любоў да зямлі Вілейшчыны і Беларусі ён прывіваў сваім дзецям і ўнукам.

У Вілейцы ён трывала пусціў свае карані. У яго ёсць дзеці, унукі. Ён стаў сапраўдным патрыётам Вілейшчыны, Павілля, Беларусі.

У свой час ён быў брыгадзірам муляраў БУ-195 – шмат жылля пабудаваў у Вілейцы і Маладзечне. Сярод аб’ектаў, узведзеных Кастэнкам, – гасцініца ў Маладзечне, Дом культуры ў Вілейцы. Ён рабіў самыя дакладныя і складаныя работы, напрыклад, кладку шахты ліфтаў, дзе была патрэбная ідэальная вертыкаль і вельмі строгія допускі на адхіленне самага высокага будынка рэгіёну – гасцініцы “Маладзечна”.

Віталь Кастэнка арганізаваў брыгаду мантажнікаў вышыннікаў-альпіністаў. Многія крыжы на бажніцах нашага рэгіёну – у Ашмянах, Гальшанах, Вілейцы, Войстаме і іншых адрамантавалі і пакрылі пазалотай пад яго кіраўніцтвам.

Вельмі многа ўласных сродкаў, часу, працы і нерваў было ўкладзена ў падрыхтоўку, арганізацыю і каардынацыю міжнароднай літоўска-беларускай экспедыцыі “Вілія-Нярыс” у 2007 годзе. Ён, ініцыятар гэтай удалай экспедыцыі па слядах графа Тышкевіча, збіраўся выдаць пра падарожжа кнігу. Віталь Кастэнка арганізаваў аматарскі пераклад з польскай мовы кнігі Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”, падштурхнуўшы на гэтую бескарыслівую працу людзей розных прафесій з Вілейкі і Смаргоні. Кніга гэтая надрукаваная пакуль усяго ў адным экзэмпляры – на большае не хапіла ўласных сродкаў.

У сакавіку ён напісаў даклад па матэрыялах гэтай кнігі да другіх Тышкевічаўскіх чытанняў, якія плануюцца правесці ў маі 2009 года. У дзень сваёй смерці ён займаўся перакладам з польскай мовы твораў Ігната Ходзькі.

Не кожны чалавек, які атрымаў вышэйшую адукацыю, з’яўляецца інтэлігентам. Але здараюцца выпадкі, калі чалавек, не маючы такой адукацыі, працуючы над сабой, становіцца носьбітам інтэлігентнасці ў самым высокім значэнні гэтага паняцця. Ён быў у сяброўскіх стасунках з самымі яркімі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Вілейшчыны – з Барысам Цітовічам, Анатолем Капцюгом, Анатолем Рогачам, Аляксандрам Зайцавым, Галінай Кутас, Вольгай Коласавай, з многімі праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі, актыўна ўдзельнічаў у адраджэнні гістарычнай памяці ў рэгіёне. Віталь Кастэнка быў абавязковым і непрыкметным саўдзельнікам усіх праектаў Анатоля Рогача і Анатоля Капцюга па ўстаноўцы мемарыяльных знакаў вялікім землякам і падзеям у Заблошчыне, Войстаме, Касуце, Каралеўцах. Сваімі рукамі склаў–аднавіў па праекце Анатоля Капцюга каплічку ў памяць Адама Гурыновіча ў Зольках. На жаль, гэта капліца была яго апошняй работай.

У 1970-х, 80-х многія выпускнікі ВНУ пры размеркаванні меркавалі пра “інтэлігентнасць” горада па наяўнасці ў ім турклуба. Вілейка турыстычная асацыявалася з імем Віталя Кастэнкі. Ад 1975 года ён сур’ёзна захварэў на турызм, зарганізаваў каманду з будаўнікоў БУ-195 і ўжо ў 1976 годзе стаў прызёрам Вілейскага раённага турзлёту. Кастэнка марыў пра турклуб, і спачатку нефармальны турклуб арганізаваўся ў яго кватэры. Там заўсёды да глыбокай ночы “ганялі чаі”, абмяркоўваючы, што будзем рабіць у выхадныя, а пасля дзяліліся ўражаннямі аб выхадных. Ён быў душой і старшынёй турклуба “Зурбаган”, арганізаванага ў пачатку 1980-х.

І хутка віляйчане выйшлі на абласны ўзровень, каманда абараняла гонар Мінскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах па пешым і горным турызме. У Вілейцы было тры інструктары турызму – дастатковы кворум для стварэння школы сярэдняй турыстычнай падрыхтоўкі. І Кастэнка арганізаваў школу, заразіўшы энтузіязмам астатніх, праводзіў тэарэтычныя заняткі і паходы ў Карпаты і на Каўказ. Ён распрацаваў мноства маршрутаў па раёнах Павілля. У канцы 1980-х праводзіўся традыцыйны марафон “100 кіламетраў за суткі” наўкола маляўнічых берагоў Вілейскага вадасховішча. Ён намінальна выканаў нарматыў майстра спорту па турызме, маючы кіраўніцтва двума паходамі 5 катэгорыі складанасці, але не давёў справу з афармленнем папер, бо гэта тычылася яго асабіста.

Свой першы аўтамабіль ён купіў на чэкі пасля работы на будоўлі ў замежнай камандзіроўцы ў Лівіі. І толькі адзін ён узяў “Запарожац” – усе астатнія купілі прэстыжныя  “Волгі”. “Запарожац” – толькі таму, што гэта была самая праходная па лесе і балоце машына. Ды і прыглянуўся нумар шасі – 8848 – вышыня Эверэсту.

Кастэнка – генератар ідэй і крыніца энэргіі для іх увасаблення. Ён дакладна ўвасабляў у рэальнасць свае задумы і планы. Яго дэвізам быў дэвіз: “Сказаў – зрабіў”. Кіраўнік будаўнічай брыгады, галоўны турыст Вілейшчыны. Бяссрэбранік. Матэрыяльна жыў вельмі сціпла, але ніколі не шкадаваў грошы на кнігі, стварэнне буклетаў, на паездкі, на арганізацыю краязнаўчых чытанняў.

Вяршыняй яго арганізатарскай турыстычнай дзейнасці стала арганізацыя міжнароднай экспедыцыі “Вілія–Нярыс”.

Ён марыў пра міжнародную экспедыцыю на Арарат у 2010 г. у гонар 160-годдзя ўзыходжання нашага земляка і нацыянальнага героя Іосіфа Ходзькі, марыў пра помнік Ходзьку у Крывічах.

Помнік там несумненна будзе. І штуршок таму далі Ходзькаўскія чытанні ў Крывічах.

Ён марыў пра падарожжа–сплаў на плыце ў Вільню ў дні святкавання 1000-годдзя першага пісьмовага ўпамінання пра Літву.

Ён марыў правесці Ходзькаўскія чытанні ў Барунах. Ён марыў выдаць пераклад усяго Ігната Ходзькі на беларускую мову; і ў той самы дзень, калі трагічна абарвалася жыццё, займаўся перакладам Ходзькі з польскай мовы на беларускую. Ён ехаў на веласіпедзе на працу па сваім апошнім маршруце.

Адбылася непапраўная страта. Паміраюць не людзі – сусветы паміраюць.

Міхась МІХАЛЕВІЧ.

Чытай таксама:

Вынесены прыгавор па смерці Кастэнкі

Па справе Кастэнкі – дадатковая экспертыза

Пачаўся суд па гібелі Віталя Кастэнкі

Віталю Кастэнку было б 60

Краязнаўцы-воднікі памахалі Літве рукой

Маршрут па Вяллі сёлета скараціўся