Вось такую грамату для жаніха і нявесты распрацавалі супрацоўнікі Вілейскага краязнаўчага музея разам з мастаком і архітэктарам Анатолем Капцюгом.

Вясельны каравай.

Звычайна знаёмства з абрадам доўжыцца паўгадзіны. У гэты час супрацоўнікі музея не толькі расказваюць, як нашы продкі ладзілі вяселлі, якія асаблівасці беларускага абраду. Але і праводзяць гульні, напрыклад, на веданне старых прадметаў побыту і прыладаў працы. Пасля жаніх і нявеста фатаграфуюцца ў “сцэнках з жыцця”: маладая жонка напякла хлеба і дастае яго з печы…

Гэта ўжо трэці сезон вяселляў. Для іх правядзення ў музеі ёсць асобны пакой, стылізаваны пад вясковую хату: печ, ручнікі, каравай, паясы, кажух і іншыя неабходныя для вясельнага абраду прадметы. Нявесце на галаву надзяваюць вянок, жаніху – саламяны капялюш.

Цяпер тут перапынак – Вялікі пост і ў праваслаўных, і ў каталікоў. Але пасля 4 красавіка, калі ўсе адсвяткуюць Вялікдзень, у музеі зноў чакаюць маладых.

Сёлета жаніхоў і нявест чакае навінка – цяпер яны могуць унесці прозвішча сваёй сям’і ў кнігу магнацкіх родаў. Ідэю супрацоўнікам музея падказала адна з нявест, якая захацела мець які-небудзь арыгінальны напамін – грамату ці іншы цікавы дакумент. “Паколькі пасля сялянскага вяселля ніякіх грамат не можа заставацца, то мы разам з мастаком і архітэктарам Анатолем Капцюгом распрацавалі спецыяльную грамату. У ёй напісана: “Мы, стараста горада Вілейка, генерал войска ВКЛ Пац, з Божага бласлаўлення прымаем сям’ю (прозвішча) у магнацкі род, аб чым маецца запіс у Гербоўніку, што захоўваецца на ўсе вякі ў музеі горада Вілейкі”. На кожнай грамаце – стылізаваны герб новай сям’і, які распрацоўваюць, улічваючы род заняткаў іх продкаў”, – расказаў дырэктар музея Сяргей Ганчар.

Распрацаваны сцэнар вяселля з кожным годам узбагачаецца нейкімі дэталямі. Супрацоўнікі музея ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі па раёне, цікавяцца гісторыяй населенага пункта, запісваюць песні, абрады. Распытваюць мясцовых жыхароў і пра тое, як калісьці ладзілі вяселлі. “Як я тлумачу маладым і гасцям, у нашым абрадзе няма нічога прыдуманага ці прыцягнутага за вушы – усё грунтуецца на вілейскіх традыцыях”, – патлумачыў Сяргей Ганчар.

Яшчэ адно новаўвядзенне – вынік нядаўняй экспедыцыі па вёсках Вілейскага раёна. Адна бабуля расказала, што раней маладыя ў царкве стаялі на саматканым палатне, якое рассцілалі не ўпоперак, як цяпер, а ўздоўж, да царскіх варот. Пакуль маладыя стаялі на ім, нявеста павінна была нагой падцягваць пад сябе палатно. Чым больш падцягне – тым больш яе сябровак у гэтым годзе выйдзе замуж. На некалькіх вяселлях перад Вялікім пастом паспрабавалі выкарыстаць такі элемент абраду. Дзяўчатам спадабалася, яны крычалі: “Каця, цягні болей – паглядзі, колькі нас”.

Пасля такога вяселля ў маладых застаюцца прыемныя ўспаміны, ёсць чым пахваліцца перад сябрамі. Акрамя таго, музей такім спосабам папулярызуе беларускія звычаі і абрады: 70 вяселляў – гэта не толькі жаніх і нявеста, гэта яшчэ і некалькі дзесяткаў гасцей, якія таксама слухаюць і ўдзельнічаюць у гульнях.

“З часам усё змяняецца і традыцыі трансфармуюцца. На ўсе 100% захаваць ранейшы абрад у сучасных умовах нельга. Але зберагчы яго аснову можна, бо гэта наша культурная спадчына, асаблівасць, якой можна ганарыцца”, – лічыць Сяргей Ганчар.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.