Лікам не па гульні назваў у інтэрв’ю “РГ” вынік у Слоніме галоўны трэнер “Маладзечна” Аляксандр Гармаза. Першы гол прапусцілі ў сярэдзіне першага тайма пасля падачы вуглавога. У другой палове матча наш абаронца Сяргей Дрозд зрэзаў мяч у свае вароты – 0:2, а за 10 хвілін да заканчэння сустрэчы пасля памылкі Рафаіла Караханава прапусцілі трэці гол.

Падобна, што пакуль у нашай гульні нічога не змяняецца. Як і ў папярэдніх сустрэчах, у нас ёсць малюнак гульні, мы нядрэнна кантралюем мяч у цэнтры поля, мелі некалькі магчымасцяў забіць. Па словах Аляксандра Гармазы, у Слоніме нічога звышнатуральнага супраць “Маладзечна” футбалісты саперніка з першай лігі не паказалі.

“Атака кульгае. Мы паказваем тую самую гульню, што і ў мінулым сезоне. Мінус – нападзенне”, – сказаў Аляксандр Гармаза.

Трэнеры працягваюць шукаць выйсце са становішча. У Слонім не паехаў малады нападаючы Антон Капцюг. Атрымаў на трэніроўцы лёгкую траўму нагі. Засталіся ў Маладзечне таксама форвард Аляксандр Грыхуцік і абаронца Дзмітры Вышынскі. Па-першае, далі ветэранам адпачыць, а па-другое, ведаючы іх патэнцыял, вырашылі паглядзець новых кандыдатаў на праблемныя пазіцыі на полі.

Праглядалі двух футбалістаў з Вілейскага раёна. Аднаго на пазіцыі левага паўабаронцы, другога – у нападзенні. Па словах трэнера Віталя Казяка, жаданне гуляць у віляйчан ёсць, але патрэбна яшчэ і ўменне. У выніку, хлопцы нам не падышлі.

Ёсць яшчэ адзін легіянер – 29-гадовы форвард з Баранавічаў Павел Семаковіч. Выступаў за “Бярозу”, потым вярнуўся ў Баранавічы. У роднай камандзе ў састаў Павел не трапіў, паехаў на прагляд у Маладзечна. Аляксандр Гармаза кажа, што ў хлопца здольнасці ёсць. Усіх магчымасцяў пакуль не паказаў, магчыма, таму, што першы раз сёлета выйшаў на натуральны газон.

Прагляд працягваецца. Іншых кандыдатаў на месца нападаючага ў трэнераў пакуль няма. Шукаем далейшыя варыянты міжсезонных сустрэч.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.