Дзякуючы віляйчаніну Аляксею Сюдаку рэдакцыі ўдалося дапісаць гісторыю старога фотаздымка.

Злева направа: Міхаіл Талайка, Пётр Куцейнікаў, Уладзімір Занкавіч, Генадзь Гісіч. Зіма 1962 года. Вёска Любань Вілейскага раёна.

“Зіма 1962 года. Адна з вёсак Вілейскага раёна. Маладыя механізатары фатаграфуюцца на памяць”. Такі подпіс быў зроблены пад фотаздымак да матэрыялу “Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы”, змешчаны пад рубрыкай “Стары альбом” у адным з нумароў газеты. Трапіў ён на старонкі “РГ” з уласнага архіва віляйчаніна Ігара Мароза. Мужчына змог назваць толькі год, у які фота было зробленае, ды месца: Вілейскі раён.

Дапісаць гісторыю фотаздымка рэдакцыі дапамог таксама віляйчанін. “На гэтым фота ёсць мой дзядуля Генадзь Гісіч, – напісаў у электронным ліце Аляксей Сюдак. Ён крайні справа. А само фота зробленае ў вёсцы Любань Вілейскага раёна. Месца, дзе сфатаграфаваныя мужчыны, знаходзіцца зараз за стадыёнам. Дакладней – паміж стадыёнам і сушылкай, у ёй сушаць зерне. Будынак, які на заднім фоне з правага боку, стаіць і сёння. У той час дзядуля працаваў на электрападстанцыі, якая знаходзілася недалёка ад месца, дзе мужчыны сфатаграфаваныя. Пазней перайшоў на сушылку і рабіў там ажно да самай пенсіі”.

Праз дзень прыйшоў яшчэ адзін ліст ад Аляксея, якія свае пошукі не спыніў. Будучы ў Любані, паказаў фотаздымак сваёй матулі, і яна расказала пра астатніх людзей на фота.

Першы злева – Міхаіл Талайка. За ім стаіць Пётр Куцейнікаў. Трэці злева – Уладзімір Занкавіч. Адзіны, хто яшчэ жывы з усіх людзей на фота. І самы апошні – Генадзь Гісіч.

Рэдакцыя ўдзячная Аляксею Сюдаку за ўвагу да газеты і дапамогу.

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана Ігарам МАРОЗАМ.

Артыкул пра які згадваецца, тут.