“Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы”, – гаворыць народная мудрасць. Відаць, ведалі яе і маладыя вілейскія механізатары, што ў адзін з зімовых дзён 1962 года працавалі ў калгасным двары.

Аб’ектыў фотаапарата “злавіў” іх хутчэй за ўсё ў абед. Зімой віднее позна, цямнее – рана. А на здымку светла, ясна. Уся доўгая вуліца, што за спінамі хлопцаў, праглядаецца ажно да самага лесу.

Чамусьці мне здаецца, што сфатаграфаваныя яны ў калгасным двары. Мужчыны, што ў ватоўках, хутчэй за ўсё механізатары альбо слесары. Побач з імі – брыгадзір, а мо, і механік.

Настрой ва ўсіх чатырох добры. Хлопцы ў ватоўках усміхаюцца шчыра, бесклапотна. Хіба што начальнік іх крыху падкачаў, напусціў строгі выгляд. Хаця, калі прыгледзецца, вочы ў яго таксама смяюцца. А чаму б і не. Калі ўсё ў парадку, калі справы ладзяцца.

Пра ўсё гэта мы можам толькі здагадвацца. Вельмі ж ужо мала ведаем пра фотаздымак. Хіба толькі тое, што зроблены ён у адной з вёсак Вілейскага раёна ў 1962 годзе. Відаць, што жыла яна ў той час не вельмі багата. Не бачна добрых дарог, дамы, што на заднім плане, таксама нейкія недагледжаныя. Хаця, гэта могуць быць і калгасныя пабудовы. Справа, напрыклад, “чырвоны куток”, кузня альбо майстэрня. Ці, напрыклад, інтэрнат для механізатараў альбо кантора. Пры­гле­­дзь­це­ся, на даху вялікага дома тырчаць ажно чатыры каміны. Значыць, там чатыры печкі, якія абаграваюць пакоі ці кабінеты.

На фоне гэтай пабудовы бачная жаночая постаць. Хутчэй за ўсё жанчына ішла па нейкіх сваіх справах, убачыла аднавяскоўцаў, што пазіруюць фатографу, і вырашыла даведацца, што ж там адбываецца. Не выключана, што ўсіх яна ведае. А можа, хто-небудзь з хлопцаў яе сын, унук альбо пляменнік.

На левай абочыне дарогі стаіць вагончык. Можа, работнікі ў ім, перш чым прыступіць да працы, пераапранаюцца альбо абедаюць. Не выключана, што там мо­гуць захоўвацца і якія-небудзь інструменты. Бачна, што дзверы ў вагончыку адчыненыя. Магчыма, у ім хто-небудзь ёсць. А можа, вось гэтыя хлопцы, як толькі фатограф скажа слова “знята”, па­бя­гуць туды грэцца.

Хаця, мне здаецца, што мароз на двары не такі ўжо і вялікі. Шалік завязаны толькі ў крайняга злева мужчыны. Астатнія – з расшпіленымі кашулямі і ватоўкамі. Усе тры хлопцы апранутыя амаль што аднолькава. Ватоўкі, аднаго фасону шапкі, галіфэ, запраўленыя хутчэй за ўсё ў боты альбо валёнкі.

Думаю, што перад тым, як зрабіць здымак, фатограф іх крыху ператасоўваў. Самага высокага паставіў у цэнтры. Двух меншых – па баках. Ну, а іх калегу, начальніка альбо, можна дапусціць, што і гарадскога таварыша, прыставіў да кампаніі злева.

Паважаныя чытачы! Дакладна такі фотаздымак захоўваецца ў вас дома альбо хто-небудзь пазнаў на ім свайго бацьку, дзеда, суседа ці таварыша? Калі ласка, тэлефануйце ў рэдакцыю. Разам дапішам яго гісторыю.

Марына СЛІЖ.