Татуіроўка – мастацтва размалёўкі цела.

Даведка РГ.

Роспіс на целе, лег арт, бодыпейнтынг (англ. body painting) — гэта мастацтва рысавання на целе. Гэта самы распаўсюджаны від боды-арта, у якім асноўнае месца займае рысаванне на твары (фэйс-арт) і целе. Агульнавядомы нэйл-арт — роспіс пазногцяў. Мэндзі — роспіс цела з выкарыстаннем хны, самы даўгавечны — трымаецца тры тыдні.
Татуіраванне, тату (з палінэзійскай — «метка») — від мадыфікацыі скуры, калі ў слаі скуры ўводзіцца спецыяльны фарбавальны пігмент (фарба для татуіроўкі). У адрозненне ад роспісу скуры рысунак захоўваецца на ўсё жыццё.

Слова “тату” з’явілася ў еўрапейскіх мовах у канцы ХVIII стагоддзя. У 1774 годзе капітан Кук вярнуўся з доўгага вандравання да выспаў на поўдні Ціхага акіяна і прывёз з сабой слугу, татуіраванага абарыгена.

Існуюць дзве версіі паходжання слова “тату”. Па першай з іх само слова па гучанні нагадвае гук, які вырабляла прылада татуіроўшчыка, датыкаючыся да чалавечай скуры. Па іншай версіі, слова паходзіць ад палінэзійскага “ta”, якое азначае “ўдараць па чым-небудзь”, ці ад таіцянскага “tatu”, якое мае значэнне “пакінуць след, адзначыць”.

Ад часу ўзнікнення старажытных цывілізацый на татуіроўкі было накладзенае табу ў большасці народаў, паколькі адносіліся яны да рытуальнага мастацтва і адрознівалі, першым чынам, жрацоў і іншых служыцеляў рэлігійнага культу.

Пазней паўстала негатыўнае стаўленне да татуіровак, магчыма, таму, што іх часцей за ўсё рабілі людзі нязнатных слаёў грамадства – злачынцы, салдаты, маракі і цыркачы. Аднак з цягам часу татуіроўкі сталі заваёўваць папулярнасць і сярод іншых пластоў насельніцтва, ствараючы тым самым цэлую моду на тату.

Карэспандэнты моладзевай рэдакцыя “РГ” пагутарылі з дырэктарам маладзечанскай тату-студыі Іванам і майстрам-татуіроўшчыцай Таццянай.

– Ці складана было адкрыць студыю, якая аказвае такія не зусім звычайныя паслугі?

Іван: Няма нічога немагчымага. Галоўнае – паставіць перад сабой мэту. Да гэтай мэты мы ішлі даўно, але былі розныя складанасці. Трэба было сур’ёзна “ўзяць галаву ў рукі”, справіцца з недахопам фінансаў і ўважліва аднесціся да справы.

– Не пакутуеце ад недахопу кліентаў?

Іван: Кліентаў хапае. Да таго ж, мы заўважылі такую тэндэнцыю: 70 працэнтаў усёй кліенцкай базы вяртаецца да нас ізноў. Ніхто яшчэ са студыі не сыходзіў без татуіроўкі ці пакрыўджаным на дрэннае яе выкананне, бо наш майстар досыць прафесійна і творча падыходзіць да працы.

– Тату для вас – гэта мастацтва ці спосаб зарабіць грошы?

Таццяна: Гэта мастацтва, гэта маё жыццё. Я атрымліваю эстэтычную асалоду ад зробленай працы. Я б не змагла жыць, калі б у мяне адабралі тату-машынку.

Іван: Безумоўна, мастацтва. І мы тыя самыя мастакі, толькі працуем не з паперай і пэндзлем, а з чалавечым целам і тату-машынкай.

– Кажучы пра нанясенне татуіроўкі, нельга абмінуць тэму бяспекі яе нанясення. Вы самі сказалі, што працуеце з чалавечым целам…

Таццяна: Мы гарантуем бяспеку. У нас з ёй няма ніякіх праблем. Хацелася б папярэдзіць несвядомых грамадзян, што нельга звяртацца да хатніх майстроў, якія выкарыстоўваюць не аднаразовыя і не стэрыльныя матэрыялы. Як правіла, такія майстры карыстаюцца адной іголкай, робячы тату шматлікім кліентам. Я б не раіла рабіць татуіроўкі у такіх псеўдамайстроў. Людзі, якія сябе паважаюць і клапоцяцца пра сваё здароўе, не стануць звяртацца да іх.

– А якія людзі прыходзяць да вас?

Таццяна: Нашы кліенты, як правіла, падзяляюцца на дзве групы. Адны прыходзяць проста аддаць даніну модзе. Ім мы часта дапамагаем выбраць татуіроўку. Рады бачыць такіх людзей і разумеем іх жаданне. Іншыя кліенты прыходзяць, усё добра абдумаўшы, і наносяць на сваё цела вызначаную сімволіку. Але ў любым выпадку мы імкнёмся максімальна дагадзіць кліенту. Прыемна бачыць, калі чалавек задаволены, а вочы яго гараць. І нічога дзіўнага ў гэтым няма.

Іван: Тэндэнцыя тату стала моднай, і нацельны малюнак можна ўбачыць на самадастатковых людзях: паспяховых музыкантах, спартсменах. Прывяду ў прыклад англійскага футбаліста Дэвіда Бэкхэма. Паспяховы чалавек, вядомы футбаліст. Здаецца, ну чаго яму не хапае? А тым не менш, на целе Бэкхэма вельмі шмат татуіровак.

– Ці кожная татуіроўка мае свой патаемны сэнс?

Таццяна: Безумоўна. Хоць для аднаго чалавека тату – гэта цэлы свет, а для іншага – бяздушны малюнак на целе. Але нельга рабіць татуіроўкі, якія нясуць негатыўны сэнс.

– Ці прыходзяць да вас перабіваць тату?

Іван: Такія людзі наведваюць нас нярэдка: камусьці надакучыла ранейшае тату, у кагосьці было бурнае юнацтва, а хтосьці стаў ахвярай непрафесійнага майстра. Мы за гэту працу бяромся, хоць яна і складаная.

Таццяна: У маёй практыцы было вельмі шмат пераробак. Пераробка – гэта складаны і працаёмкі працэс, але я імкнуся максімальна задаволіць новыя пажаданні кліента.

– І напрыканцы: чаго ў сваёй рабоце вы хочаце дабіцца?

Таццяна: Хочацца, каб наша творчасць была запатрабаваная, а кліенты сыходзілі ад нас шчаслівымі і абавязкова вярталіся яшчэ.

Гутарылі Лера СУРАЎЦАВА, Ксюша ГРАМАЦІНА, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота аўтараў.

Як вы адносіцеся да татуіровак?