На мінулым тыдні 24 школы горада і раёна наведала дэлегацыя студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У межах акцыі “Універсітэт – твой крок у будучыню” 80 студэнтаў БДУ сустрэліся з сённяшнімі школьнікамі, будучымі абітурыентамі, і расказалі ім пра свае факультэты, спецыяльнасці, а таксама пра жыцце звычайнага студэнта.

Ад кожнага факультэта выбралі па 10 лепшых студэнтаў, якія на працягу трох дзён пабывалі ў школах Маладзечна і раёна. Сярэднюю школу №2 наведалі студэнты хімічнага факультэта БДУ. Яны ў падрыхтаванай прэзентацыі расказалі пра сваю навучальную ўстанову і свой факультэт. Потым адказалі на пытанні вучняў і правялі цікавыя інтэрактыўныя гульні.

Вельмі добразычліва аднесліся студэнты да школьнікаў. Госці шчыра жадалі ўсім вучням паступіць туды, куды жадаюць, а лепш за ўсе – у іх навучальную ўстанову. Пасля гульняў у кабінетах школы правялі гульню па валейболе паміж камандай хімічнага факультэта ўніверсітэта і камандай школы № 2.

Перамаглі школь­ні­кі. Але не было прай­граўшых. Усе хлопцы і дзяўчаты засталіся ў добрым настроі. Сустрэча прадоўжылася міні-экскурсіяй па горадзе.

Напрыканцы ўсе прадстаўнікі БДУ, якія ўдзельнічалі ў гэтай цікавай і карыснай акцыі, сустрэліся ў СШ №14, дзе адбыўся канцэрт. Студэнты падчас развітання шкадавалі аб тым, што з’язджаюць. Ды і школьнікі пажадалі зноў убачыцца. Абмяняліся тэлефоннымі нумарамі, спадзеючыся не толькі сустрэцца яшчэ раз у нашым горадзе, але і ва ўніверсітэце.

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.