Нашы чытачы з Маладзечна і Вілейкі звярнуліся ў рэдакцыю “РГ” з пытаннямі пра рэгістрацыю па месцы жыхарства і месцы знаходжання. Адна сям’я жыве ў інтэрнаце, другая – у кватэры.
Адказаць на пытанні і патлумачыць чытачам правы грамадзян на рэгістрацыю ў да­дзеных выпадках мы папрасілі начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Мала­дзечанскага райаддзела ўнутраных спраў, маёра міліцыі Вольгу Круповіч.

Пытанне чытача:

– Нам з жонкай далі блок у адным з інтэрнатаў Маладзечна ў 2003 го­дзе. Прапіска ў нас маладзечанская. Інтэрнат знаходзіцца на балансе ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, і жыллё ў ім мы атрымалі са згоды начальніка гэтага ўпраўлення.

Прапісаць у інтэрнаце нас адмовіліся. Сказалі, што часова прапісваюць толькі навучэнцаў. Цяпер у Беларусі замест прапіскі – рэгістрацыя. Ці можам мы зарэгістравацца ў інтэрнаце? Анатоль Уладзіміравіч.

Вольга Круповіч:

– У дадзеным выпадку прапіска ад рэгістрацыі не адрозніваецца. Згодна з “Палажэннем аб інтэрнатах”, жылое памяшканне ў інтэрнаце даецца грамадзянам па сумесным рашэнні арганізацыі, якой належыць інтэрнат, і прафсаюзнага камітэта.

У інтэрнатах, прызначаных для пражывання адзінокіх грамадзян, могуць быць выдзеленыя памяшканні для пражывання сем’яў. Гэтыя памяшканні павінны размяшчацца на асобных паверхах ці ў асобных секцыях.

У інтэрнаце ёсць адміністрацыя, якая ў такіх выпадках самастойна вырашае пытанне: аб прапісцы – тады і аб рэгістрацыі – цяпер. Думаю, гэтай сям’і адмаўляюць у рэгістра­цыі па месцы знаходжання таму, што муж з жонкай маюць у Маладзечне пастаянную рэгістрацыю па месцы пражывання.

Пытанне чытача:

– Мы з мужам і з дзіцем арандавалі кватэру ў Маладзечне па дагаворы найму. Абодва зарэгістраваныя ў Вілейцы па розных адрасах. Цяпер камунальныя плацяжы плацім у трох месцах. У Вілейцы: муж – па месцы сваёй рэгістрацыі, я – па месцы сваёй. І, адпаведна, у Маладзечне за кватэру, якую арандуем.

Ці можна нам ў Мала­дзечне зарэгістравацца па адрасе часовага пражывання для таго, каб па месцы пастаяннай рэгістрацыі ў нас не бралі камунальныя плацяжы? Святлана.

Вольга Круповіч:

– Можна. Гэта называецца рэгістрацыя па месцы знаходжання. Калі кватэра арандуецца законна і ёсць дагавор найму жылога памяшкання, трэба з ім звярнуцца ў домакіраўніцтва, якому належыць дом. Аплаціце квітанцыю – 0,2 базавай велічыні (7 000 рублёў), і вас зарэгіструюць па месцы знаходжання на адзін год.

Даведку аб рэгістрацыі па месцы знаходжання вы можаце прад’явіць у бухгалтэрыі домакіраўніцтваў, дзе вы зарэгістраваныя па месцы жыхарства. Там на падставе гэтага дакумента вам абавязаныя зрабіць пераразлікі па аплаце камунальных плацяжоў.

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.